Br
Брестчина
Производит · Предлагает · Приглашает

Примечания к рисункам: белорусский оригинал

Авторские пояснения к сорока рисункам книги: пограничный камень у Коханова, замки, печати и портреты, страницы хроник, Псалтири и Статута, Давид-Городок, Беловежская пуща, полешуки. С. 98-104. Белорусский текст в правописании издания 1910 года.

Дапіскі да рысункоў

Стр. 7. Гранічны камень княжства Полацкаго. Гэты камень ляжыць у Магілеўскай губэрні памеж мястэчкам Кохановам і Оршай (7 вёрст ад Коханава і 24 вярсты ад Оршы каля вёскі Лісьцінова). Камень гэты мае 4 крокі у доўжкі і 3 крокі у шыркі, выстае з зямлі на 3—4 цалі. Напісана на ім: «в лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен (устроен) крэст сій. Господі помозі рабу своему Васілію в крэшчэніі іменем Рогволоду сыну Борысову». Полацкі князь Рогволод Барысавіч (хрысціянскае імя яго Васіль) быў князем Полацкім, Слуцкім і Друцкім; памёр у 1223 гаду на 69 гаду жыцьця у гор. Юрьеве (Дорпаце). Другі падобны камень ляжаў каля гор. Дзісны у старане Дрыссы (7 вёрст ад Дзісны каля вёскі Асіноўкі).

Стр. 8. Руіны замчышча ў Кокенгаўзэне. Палудзенная часьць Лівоніі (латышскаго краю) з даўных часоў была ў залежнасьці ад Полацка. Кукейноскі (цяпер Кокенгаўзэн) замак прыналежаў да князя Васіля Рогволодовіча; ў 1208 гаду гэты замак ад полацкаго князя адабралі крыжакі і з гэтаго часу ён быў ужо ў іх руках.

Стр. 9. Руіны замчышча ў Новагрудку. Новагрудак—адзін з найстарэйшых Крывічанскіх гарадоў. Новагрудзкае княжство ў даўные часы насіло названьне Чорнай Русі. Замак, катораго руіны бачым мы на гэтым рысунку, пастроены быў у XI сталецьці на грамадным да-гістарычным гарадзішчы. Хто гэты замак будаваў—нет ведама. Пад 1128 годам летапісі успамінаюць аб Новагрудку, як а сталіцы удзельнаго княжства, а пад 1227 успамінаецца удзельны Новагрудзкі князь Ізяслаў. У 1240 гаду татары зруйнавалі горад і замак. Як пішэ летапісь Быхоўца, Новагрудак каля 1235 году быў сталіцай Літоўска-Рускаго гасударства. Мы ўжо ведаем аб тым, якое высокае значэньне меў гэты горад за часоў Міндоўга. Ў 1250 гаду ў Новагрудку хрысьціўся на каталіка князь Міндоўг, а разам і каранаваўся на Літоўскаго караля каронай, каторую прыслаў яму Папеж Іноцэнты III. Калі вялікі князь Гедымін пасяліўся у Троках, а пасьля перавёў вялікокняжэцкую сталіцу ў Вільню, Новагрудак стаў ізноў удзельным княжствам. За часоў Вітоўта Новагрудак лічыўся ешчэ старой сталіцай Літоўска-Рускаго гасударства. Некаторые важнейшые гасударственые акты пісаліся ў гэтай старой сталіцы; так, напрыклад, у 1415 гаду заснаваньне беларускай мітрополіі адбылося ў Новагрудку. Кароль Ягайло ў 1432 гаду тут венчаўся і спраўляў вясельле с княжной Сонькай Гольшанскай. У 1444 гаду вялікокняжэцкая сталіца была заменена на глаўны воеводзкі горад, да катораго былі далучэны Волкавыск, Слонім і Слуцк. Ў 1448 гаду тут адбыўся сэйм вялікаго княжства Літоўскаго. Горад шмат перанёс ад татарскіх напасьцей, крыжацкіх і маскоўскіх. Масква воладзела Новагрудкам с 1654 да 1660 году. С 1581 да 1775 году тут праз кожные два гады збіраўся трыбунал (глаўны суд у Літоўск. гас.). У 1651 гаду пажар вынішчыў большую часьць горада, і з гэтаго часу Новагрудак страціў даўнае свае значэньне сталічнаго места, сходзячы памалу на ступень малога гарадка. Пасьля прылучэньня Беларусі да Расеі, Новагрудак стаў паветовым горадам Слонімскаго наместніцства, а ў 1797 гаду—Літоўскай губэрні, ў 1801 Гродзенскай і, наканец, у 1842 гаду паветовым горадам Мінскай губэрні.

Стр. 10. Печатка кн. Міндоўга. Печатка гэта знаходзіцца у прыватных руках і належыць да збороў рэдкасьцей, назначэных у беларускі навуковы музэй. Літэроў, вырэзаных на гэтай печатцы, дагэтуль ніхто ня мог ешчэ прачытаць.

Стр. 12. Руіны Троцкаго замчышча. Трок ёсць двое: Старые і Новые Трокі. Старые Трокі належаць да найдаўнейшых гарадзішч на Літоўска-Беларускай зямлі. Ужо ў X сталецьці Трокі былі удзельным княжствам. Ў XIV сталецьці крыжакі знішчылі замак у Старых Троках, але сьлед яго відаць ешчэ і цяпер. Цяпер гэта невялічкае мястэчка.

Новые Трокі заложэны Гедымінам. Тут была другая сталіца (пасьля Новагрудка) княжства Літоўска-Рускаго. Трокі лежаць на полувострові, бо с трох старон яго ахапілі вазёры, і толькі з стараны віленскай дарогі вузкі перашыек вядзе ў горад. На берэзі возера Гедымін пабудаваў замак, с катораго захаваліся дзьве башты і частка сьцяны. Ёсьць і ўход у падзямельля. Але слава Трок—гэта разваліны замка (паказаные на гэтым рысунку), каторы быў пабудаваны на вострові возера Гальва. Замак займаў увесь востроў—каля 2 дзес. зямлі. Замак быў збудованы ў чыстым готыцкім стылю; сьцены яго надта грубые. Будованы ён пры Кейстуце. Тут жылі: Кейстут, Ольгерд, Вітоўт, Казімір і Александр Ягайловічы. Да поўнай руіны дайшоў замак у 1655 гаду пасьля пажару за панаваньня Яна Казіміра.

Стр. 13. Печаткі кн. Кейстута.

Стр. 15. Владыслаў-Якоў Ягайло. Ягайло быў сынам Ольгерда з другой жонкі, Юліяны, княжны Тверской. Пры бацьку Ягайло быў удзельным князем у Вітэбску, а пасьля сьмерці свайго бацькі стаў вялікім князем Літоўскім (1377—1386). У 1386 гаду Ягайло прыняў каталіцтва (дзіцяцей ешчэ ён быў хрышчон павэдлуг усходняго грэцкаго абраду іменем Якоў) і другое імя Владыслаў ды абвенчаўся у Кракове з Ядвігай, каралевай польскай, і там астаўся каралём польскім (1386—1434). Другой жонкай пасьля сьмерці Ядвігі была Софія, княжна Гольшанская.

Тут гожэ будзе сказаць, што Ягайло, будучы каралём польскім, ня умеў зусім гаварыць па польску; гаварыў ён па беларуску. (Гл. аб гэтым: W. A. Maciejowski: Pamiętniki o dziejach, piśmiennictwie i prawodawstwie Słowian, t. I, str. 349 і Первольфъ: Славяне... III, ч. II, стр. 161 (выноска).

Рысунак гэты зроблены з абразка, робленаго на шкле; падпісана пад ім: „Rys. F. Szolomicki 10 Septembra 1849 r. w Olsie“. Ніжэй вялікшымі літэрамі: „Vladislaus Jagiełło. Fun.: Ecclesiae et monastery istius Anno Domini 1409“.

Стр. 18 і 24. Вялікі князь Вітоўт. Зродны брат Ягайлы, сын Кейстута (Кейстут родны брат Ольгерда). Вітоўт быў вялікім князем з 1392 да 1430 году. (Гл. тэкст).

Стр. 20. Беларуская кроніка (летапісь) аб вялікіх князёх Літоўска-Рускіх. Як мы ўжо ведаем, мова беларуская была гасударственай мовай у княжстве Літоўскім. На гэтым рысунку адбіта страніца (натуральнай велічыні) „Літоўскай“ кронікі; як бачым, пісана яна кірыліцай па беларуску з наваротам на цэркоўна-славянскую мову, бо тагочасные вучоные лічылі яе прыкрасай і стараліся як мага больш пісаць па вучонаму. Кроніка гэта знаходзіцца ў бібліотэцы Красінскіх у Варшаве (№ 408 (3701) л. 73). Пісана яна ў XVI сталецьці.

Стр. 22. На гэтай страніцы адбіты знімак другой Літоўскай кронікі; гэту кроніку пісаў манах Авраамка ў 1495 гаду. Кроніка знаходзіцца ў Віленскай публічнай бібліотэцы (440 б.).

Стр. 26. Страніца з беларускаго псалтыра XVI века. Псалтыр гэты знаходзіцца ў Маскве ў Румянцэўскім музэі[?] (№ 335).

Стр. 28. Кн. Казімір Ягайловіч, сын Ягайлы і Софіі, княжны Гольшанскай (другой жонкі). З 1440 да 1447 году быў ён вялікім князем „Літоўскім“, а з 1447 да 1492 году быў разам і каралём польскім. З звычаёў гэтаго князя гожэ прыкмеціць, што ён любіў простую беларускую адзежу, ў якой заўсёды хадзіў.

Стр. 29. Руіны замчышча ў Міры. Мір пабудаваны на рэчцэ Міронцы. Замак вядомы з XVI сталецьця. Замак вельмі цікавы дзеля сваей готыцкай архітэктуры і грамаднай велічыні. Найдаўнейшые володзецелі замка—Ільлінічы, а пасьля ён перэйшоў да роду Несьвіжскіх Радзівіллоў. У Міры была даўней сталіца цыганскаго караля. Апошнім цыганскім каралём быў Марцінкевіч, дзед беларускаго паэты каторы памёр у 1790 гаду.

Стр. 35. Давідгарадок. Давідгарадок ляжыць над рэкой Горынью і належыць да вельмі старых сяліб Беларускаго краю. Калісьці ўвесь гэты край быў вельмі людны і багаты і меў шмат гарадоў. Летапісі не ўспамінаюць названьнёў гэтых гарадоў па асобку, але гуртам называюць „погорынскіе гарады“. Ёсьць сказ, бытцам заложэны ён быў Давідам, князем туроўскім. У XVI веку Давідгарадок належаў да Пінскаго княжства.

Стр. 36. Князь Жыгімонт II. У Польшчы яго называюць першым, але, як князь літоўскі, ён Жыгімонт II,—першы Жыгімонт быў брат Ягайлы. Каралеваў ён з 1506 да 1548 году. Пры гэтым князю і разам каралю польскім шляхта за прыкладам Немеччыны і Польшчы пачала завадзіць у нас паншчыну; сперша налажылі павіннасць рабіць адзін дзень у тыдзень на пана. Раней паншчыны селяне ня зналі і нікому не павінны былі працаваць дарма; мелі яны свае суды, сваіх „старцоў“; у казну плацілі толькі падатак. (Глядзі: Довнаръ-Запольскій.—«Очеркі по організаціі Литовскаго государства при Ягеллонахъ»).

Стр. 40. Кн. Жыгімонт-Аўгуст III. Быў ён каралём з 1548 да 1572 году. На ім і скончыўся род Ягайловічоў.

Стр. 43. Адрывак Літоўскаго статута 1588 году. Статут гэты быў напісаны асобнай камісіей пад кірункам Вялікаго Літоўскаго канцлера Льва Сапегі. Пісаны ён беларускай мовай і выданы ў 1588 гаду. Пасьля яго перэклалі на польскую мову і ешчэ колькі разоў выдавалі. Па высочайшаму загаду ў 1828 гаду Літоўскі старут з беларускаго выданьня 1588 г. перэкладзены і надрукаваны быў у трох мовах: беларускай, польскай і расейскай. Літоўскім статутам упраўляліся ў Беларусі трыста дзесяць гадоў. Замянілі Літоўскі Статут агульна-расейскімі законамі 25 чэрвеня 1840 г.

Стр. 45. Мітрополіт Іосіф Солтан. Мітрополіт І. Солтан належаў да найлепшых людзей свайго часу, трымаў старану свайго народу і змагаўся за правы сваей цэрквы. Каб падняць вышэй цэркву і духавенство, ён на саборы ў Вільні ў 1509 гаду напісаў правілы духоўнай дысцыпліны. Правілы гэтые выданы Батюшковым (Русская Историческая библіотека Т. IV кн. I.).

Стр. 47. Кароль Стэфан Баторы. Родам быў ён з Вэнгроў і, хоць быў каралём польскім, але мовы польскай ня знаў і палякоў не любіў. (Гл. Albertrandy.—Henryk Walezyusz i Stefan Batory.—Wilno 1840 г.).

Стр. 48. План гор. Полацка з XVI сталецьця. Глядзі тэкст.

Стр. 51. Гара Батораго ў Белавежскай пушчы. Ёсьць у народзе сказ, бытцам гэту гару насыпало войска Батораго шапкамі. Гара невысокая, але шырокая.

Стр. 53. Падпісано-Богдан Стэткевіч, чытай: Грыгоры Ходкевіч. Грыгоры Ходкевіч быў слаўным ваякам і чэлавекам незвычайнаго розуму. У трудным часе для беларускаго народу ён змагаўся за яго правы і аберэгаў родную мову. Залажыўшы ў сваім дварэ Заблудове друкарню, ён выдаў там Эвангелію на чысто беларускай мове („Учытельное Евангеліе“ ў Заблудове 1569 года).

Стр. 55. Падпісано. Грыгоры Ходкевіч, чытай: Богдан Стэткевіч. Род Стэткевічоў слыў у Беларусі прывязаннасьцю да свайго народа і веры. Стэткевічы строілі манастыры, закладалі брацтвы і друкарні,—адным словам, змагаліся, як мага, каб не даць упасьці беларускай грамаце і прасьвеце народа. У сваім дварэ Кутэйне (каля Оршы) Стэткевічы залажылі манастыр і друкарню. С Кутэйнскай друкарні выйшло 17 беларускіх кніг. Друкарня працавала ў Кутэйне ад 1630 да 1654 году. Пасьля была перэведзена ў Маскву.

Стр. 58. Мелетій Смотрыцкі. Мелетій Смотрыцкі радзіўся ў 1578 гаду. Пачатковых навук вучыўся ён у грэка Лукарыса, каторы быў пазьней Константынопольскім Патрыархам. На вышэйшые навукі паступіў у Віленскую езуіцкую акадэмію. Пасьля вучыўся ў Ліпскім, Віртэмбэрскім і др. загранічных унівэрсытэтах. Вярнуўшыся на Беларусь, ён задзівіўся загнанасьці свайго народа і пагалоўнаму рэнэгацтву багатых баярскіх і княжэцкіх беларускіх родоў. А дзеля таго, што ў тые часы вера лічылася прыкметай національнасьці, ён з вялікім жарам ад імені цэркві ганіў адступнікоў у „Фрыносе“ (Фрынос значыць плач), кніжцэ, друкаванай у 1610 г. ў Вільні. Мелетій Смотрыцкі, будучы высока вучоным, многа працаваў над падняцьцем беларускай асьветы і справы національнай; ён напісаў і выдаў першую беларускую граматыку, каторую многа разоў перэдруковывалі. Смотрыцкі быў у 1620 гаду выбраны архімандрытам Віленскаго праваслаўнаго Сьвято Духаўскаго манастыра, а пасьля полацкім архіепіскопам. Будучы архіепіскопам, ён горача змагаўся проці каталіцтва і уніі, але, калі узбунтаваны народ забіў у Вітэбску Іозафата Кунцэвіча якобы с прычыны гарачых прамоў Смотрыцкаго, ён у 1623 гаду пакінуў Полацкую архіепіскопію і выехаў у Грэцію, гдзе абдумываў, як злагодзіць сваркі і палажыць канец крыўдам, каторые рабілі сабе сыны аднаго і таго-ж самаго народу. У канцы Смотрыцкі прыйшоў да перэкананьня, што гэта можэ стацца толькі праз унію цэрквей. З гэтым ён вярнуўся ізноў назад і на абарону уніі напісаў дзьве кніжкі „Апологія“ і „Протэст“. Памёр Смотрыцкі уніятам у 1633 гаду.

Стр. 63. Беларуская рукапісная Біблія XVII сталецьця. Біблія гэта знаходзіцца ў Бібліотэцы Толстога № 158. Апісаньне гэтай Бібліі гл. „Соболевскій. Палеогр. сн. съ рус. рук. XII—XVII века“ СПБ. 1901.

Стр. 67. Богдан Хмельніцкі, гэтман казацкі. Сын казацкаго сотніка Міхала Хмельніцкаго. Вучыўся у езуітоў, пазьней стаў гэтманам казацкім, але не патрапіў утрымаць незалежнай Украйны і паддаўся пад апеку Масквы. Памёр Хмельніцкі ў 1657 гаду і пахаваны у Суботове. на Украйне.

Стр. 71. Цар Алексей Міхайловіч. Бацька Петра Першаго. Радзіўся ў 1629 гаду, памёр у 1676 гаду. У 1667 гаду, пасьля вядомых ужо нам воен у Беларусі, Цар Алексей Міхайловіч зрабіў с каралём польскім Янам Собескім у Андрусове згоду, на каторай заходнё-рускую праваслаўную цэркву палякі аддалі пад ўласьць Маскоўскаго Патрыарха. Гэта прынясло надта вялікую шкоду заходняй праваслаўнай цэркві, бо ўсе лепшые яе сілы перэмешчэліся ў Маскву для падняцьця там асьветы і рэлігіі, а ў Беларусь прысылалі староннікоў Масквы, каторые думалі адно толькі аб палітычнай карысьці Маскоўскаго Цара і стараліся шырыць сваркі ды нязгоду, а аб національнай справе зусім не было каму рупіцца. З гэтаго часу прыкмечаецца шпаркі упадак беларускай літэратуры і культуры.

Стр. 73. Руіны замчышча ў Люцыне. Замак гэты будаваў магістар (глаўны начальнік) Лівонскіх крыжакоў у пачатках XVI сталецьця. У 1559 гаду гэты замак перайшоў да Польшчы і быў доўгі час гранічнай крэпасьцю з Масквой.

Стр. 79. Беларусы пачаткоў XIX сталецьця. Рысунак гэты ўзяты з вядомай працы Е. Тышкевіча „Opisanie powiatu Borysowskiego“. Wilno 1847 г. С правай стараны адзежа селяніна: доўгі казакін з рэменным паясом; з левай—двое ў адзежы дробнай шляхты.

Стр. 81. Беларусы канца XIX сталецьця. Як прапала національная сьведомасьць у народзе, так не магла захавацца і старасьвецкая зграбная яго адзежа; на гэтым рысунку бачым мы селяніна ў безформенай і абдзертай сьвітцы;—якая рожніца, калі мы прыраўнуем опратку канца да опраткі пачаткоў XIX сталецьця.

Стр. 83. Полацк у канцы XIX сталецьця. На гэтым рысунку мы бачым Полацк са стараны Дзьвіны. Гэта адзін з самых старых беларускіх гарадоў. Мы ўжо ведаем, што Полацк быў вялікокняжэцкай сталіцай Рогволодовічоў. Але ў старых Скандынаўскіх песьнях (сагах) ешчэ да Рогволода успамінаецца Полацк, як багаты і сільны горад, каторым кіраваў свой князь; там-жэ успамінаецца і Полацкі князь Полтэс, каторы павінен быў княжыць каля VI века. Полацк перэжыў сваю сілу і славу сталічнаго і тарговаго гораду і, як сам народ беларускі, з вялікокняжэцкай сталіцы стаў закінутым гарадком паветовым. Памятнікі даўнаго вялічыя не захаваліся, толькі названьня розных часьцей горада сьведчаць аб слаўнай мінуўшчыне.

Стр. 87. Беларусы канца XIX сталецьця. На гэтым рысунку паказаны беларусы-селяне з ваколіц Пінска. На Пінскіх недаступных балотах больш захавалася беларускай старасьвеччыны, як у мове так, і ў опратках. Край гэта маркотны, але надта цікавы, бо ешчэ многа мае ў сабе старога, што другімі ваколіцамі даўно ужо забыто.

Страніцы: 91, 93 і 95. В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Богушэвіч і Янка Лучына (Неслухоўскі). Гл. тэкст.