Часть четвёртая (окончание). После Брестской унии: белорусский оригинал
Раскол церкви после унии, казацкие войны и восстание 1648 года в Белоруссии с песней о разгроме Пинска, война 1654-1667 годов, упадок Речи Посполитой и разделы. С. 62-83. Белорусский текст в правописании издания 1910 года.
Часць чацьвёртая (працяг)
Брэсцкая Унія адбылася пры поўным разладзе у грамадзянстве і пайшла па дарозе, каторая ня мела нічога супольнаго з національнай справай. Гэта была вялікая абмылка. Яе зразумелі нават пазьнейшые каталіцкіе гісторыкі і нарэкаюць на тагочасных „місіонэроў“, кажучы, што яны былі зусім нездатны да працы серэд беларусоў, бо не апіраліся на національнае пачуцьце народу, але яго апалячывалі. Ксёндз Калінка у прадмове да жыцьця сьв. Ёзэфата“ пішэ: «і да цяперашніх часоў серэд каталіцкаго духавенства рэдка спаткаеш чэлавека, што шанаваў бы абрад і національнасьць таго народу, серэд катораго працуе. Ім здаецца, што зрабіць чэлавека італьянцам або французам (а у нас палякам)—гэта найлепшы спосаб навярнуць яго. Гэта фальшывы погляд. Усе народы створэны Богам, мілы Богу, ды ўсе яны, не трацячы свайго національнаго пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсесьветнай цэрквы. Хто аб гэтым забывае, тые і сабе, і справе веры шкодзяць, бо сеюць паміж усходнімі народамі думку, бытцам каталіцтво—гэта толькі спосаб да дэнаціоналізаціі іх». Так было і ў тые часы: езуіты нехацелі пайсьці за голасам народу, не хацелі прыслухівацца да національных жэданькёў і патрэб народу ды гэтак справу сваю, ня гледзячы на помач польскаго ўраду, не маглі наладзіць карысна і трывала.
Рысунак: Беларуская рукапісная Біблія XVII сталецьця.
Праваслаўные пры помачы князя Острожскаго скора дайшлі ізноў да даўнаго значэньня; Унія шырылася зусім памалу. Усё залежало цяпер ад таго, ці шляхта прызнае на сэйме уніятам роўные с каталікамі правы і ці уніяцкае духавенство зраўняюць у правох с каталіцкім. Езуіты кіраваліся да таго, але спаткалі моцны атпор са стараны палякоў, перэд каторымі былі безсільны, і бадай тут першы раз заўважылі, што справа веры і націі гэта не адно і тое самае; могуць быць дзьве нават зродные сабе націі аднэй веры, але яны заўсягды астануцца двумя рознымі націямі. На Унію глядзелі толькі як на перэходную ступень у каталіцто; дайшло да таго, што шляхта перэходзіла проста ў каталіцтво і, заместа національнай справы, ставіла сабе мэтай у жыцьці справу шляхэцтва, а каталіцкіе біскупы часта паніжалі біскупоў уніяцкіх. Беларускае духавенство, раздзеленае Брэсцкай уніей на ворогіе сабе часьці, вяло паміж сабой нешта падобнае на вайну; духоўные адбіралі адны ад другіх цэрквы і меньне. Ў гэтым змаганьні часта здараліся з абедзьвых старон крыўды і непраўды; у 1623 гаду праваслаўные, абурэные на біскупа Полацкаго, Ёзэфата Кунцэвіча, за гвалты, якіе ён чыніў, даходзячы ад праваслаўных цэркоўных маёнткоў для уніятоў, узбунтаваліся проці яго і забілі ў Вітэбску. Ёзэфата, як мучэніка за Унію, уніяцкая цэрква залічыла да ліку сьвятых. І з гэтаго ўжо часу Унія, авеяная вянком мучэнічэства, пачынае разшырацца на Беларусі. Тымчасам «дызуніты» (праваслаўные), ціснутые за веру ў Беларусі, пачынаюць уцекаць на Украйну да тамтэйшых вольных казацкіх дружын, несучы туды кліч змаганьня за веру. Казакі з давён-даўна жылі на пагранічы Польскай Рэчыпосполітай і Турціі; складаліся яны з вольнаго народу, каторы незнаў над сабой ніякое ўласьці. Яны жылі з вайны, ад часу да часу нападаючы на туркоў і татароў і вызываючы гэтым войны паміж Польшчай і Турціей. Турція, выведзеная з церпеньня казацкімі напасьцямі, не раз гатовілася да вялікай вайны с Польшчай, хочучы заваяваць заадно і Польшчу, і яе казакоў. Вайна з Турэччынай у гэты час была небеспечнай для Польшчы, аслабленай рэлігійнымі сваркамі. Каб недапусьціць да вайны, Польшча пастанавіла прыціснуць казакоў, адбіраючы ім прывілеі караля Батораго і ўсе тые правы, якіе яны дагэтуль мелі. Тады казакі ўзбунтаваліся і напалі на Польшчу. Але гэтман Жолкевскі разьбіў іх. У няволю папаў гэтман казацкі Налевайко і ня гледзячы на абецанкі палякоў не рабіць яму ніякай крыўды, «што і волас з галавы не упадзе», ўсё-ж такі яго замучылі ў Варшаве страшэннай сьмерцьцю. Шляхта, думаючы, што казацкую сілу ўжо зусім зніштожыла, пастанавіла на сэйме ў Варшаве лічыць бунтоўшчыкамі ўсіх казакоў, каторые стаялі за свае правы і веру, просты народ запісаць у падданство, а украінскай праваслаўнай шляхце паставілі варунак, што яна павінна або прыняць Унію, або адрэчыся свайго меньня, каторае аддавалі польскім паном. Праваслаўные цэрквы адны пазачынялі, другіе аддалі ў арэнду жыдом. Калі прыходзілося адпраўляць богослужэньне, хараніць, ці хрысьціць, трэба было ісьці да жыда і плаціць грошы за тое, каб ён атчыніў дзьверы цэрквы. Вольны дагэтуль казак, каторы не хацеў прыймаць Уніі, лічыўся цяпер безпраўным разбойнікам; а калі і прыймаў яе, дык павінен быў стацца нявольным мужыком і адбываць прыгон. Адважны казак і сьветлы чэлавек, гэтман казацкі Сагайдачы, патрапіў на нейкі час злагодзіць адносіны Польскай Рэчы-посполітай да казакоў, але пасьля яго сьмерці ізноў пачалі зьдзекавацца над казакамі. Палякі ўзятых у няволю казакоў страшэнна мучылі, а з гэтманоў іх Паўлюка і Остраніцы з жывых дзерлі паясамі скуру. Казакі стараліся адплачываць тым самым жыдом і палякам. З гэтаго часу Украйна становіцца мейсцэм, куды уцекаюць усе нездаволеные польскім урадом: «дызуніты», селяне каторые уцекалі ад падданства і др.; яны пачынаюць выступаць, як абаронцы праваслаўнай веры. Такім спосабам паглумленьне національнай справы на Брэсцкай Уніі давяло да казацкіх войн, а з імі памалу і да руіны Польскай Рэчы-посполітай.
Ў 1632 гаду памёр Жыгімонт IV; пасьля яго сьмерці выбраны быў за польскаго караля Жыгімонтоў сын Владыслаў IV. Владыслаў на гасударственые справы глядзеў шырэй, чым яго бацька; ён хацеў перэбудаваць унутрэны парадак гасударства, не хацеў нікога прыцісьняць за веру і нават пастараўся дабіцца ад сэйму некаторых палягчэньнёў для дызунітоў (праваслаўных). Владыслаў разумеў усе тые крыўды, якіе чыніліся казакам на Украйне, і меў вялікую ахвоту здаволіць справедлівые жаданьня казакоў, але каралю не даваў волі сэйм, зложэны з шляхты, Дык хаця кароль спагадаў Русі, усё-ж і пры ім так сама, як і раней, рабіліся безпраўя, а казацкіе войны з Рэч-посполітай не канчаліся. Іначэй і быць не магло; бо ў тые часы шляхціц за чэлавека уважаў толькі шляхціца, крыўда зробленая не шляхціцу не лічылася крыўдай. Але пры ўсім гэтым усё-ж ткі шляхта была толькі сотнай часткай усяго народу, каторы стагнаў пад уціскам шляхэцкай самаволі, пад цяжкай паншчынай. Нават сам кароль ня меў ніякай свабоды, быў нявольнікам шляхты. Шляхце ён мог даваць прывілеі, але калі памыкаўся зрабіць хоць найменшае палягчэньне ў долі самога народу, то гэтаго не пазваляла шляхта, бо кожнае такое палягчэньне абмежывало правы, або лепей самаволю шляхты.
Владыслаў спагадаў казакам і ўсяму Рускаму народу, але ня мог яму ні ў чым памагчы; вось, калі аднаго разу казакі жаліліся яму на уціск, ён сказаў ім: „маеце шаблі, даходзьце самі правоў сваіх!“—і гэтым даў знаць казакам, што едзіная дарога да свабоды—гэта паўстаньне. Казакі верылі каралю Владыславу і любілі яго, дык што раз галасьней пачалі казаць, што яны хочуць ратаваць сябе і караля з „Ляцкай няволі“.
За год перэд сьмерцьцю Владыслава здарылося на Украйне само па сабе малое здарэньне, але яно было той іскрай, с каторай пасьля заняўся вялілі пажар. Адзін шляхціц, Чаплінскі, слуга вялікіх паноў Конецпольскіх, адабраў сілай у рэестроваго казака і шляхціца гэрбоўнаго Богдана Хмельніцкаго засьценак (яго бацькоўшчыну) і падмануўшы вывез яго жонку к сабе, а сына Хмельніцкаго выбіў публічна на рынку. Хаця у Польшчы ўся шляхта—бедные ці багатые—лічылася раўнёй, але папраўдзі сільнейшые паны часта крыўдзілі сваіх слабейшых братоў, і тые нігдзе не маглі знайсьці на іх суда. Так было і цяпер. Хмельніцкі нігдзе ня мог знайсьці справедліваго суда на пана Чаплінскаго. Тады, бачучы ўжо здаўна толькі крыўды ды непраўды, якіе польскіе паны чынілі ўсім слабейшым, пастанавіў адамсьціць гэтым паном за сябе і за свой народ. З гэтай думкай ён паехаў у казацкую Січ і, падбунтаваўшы казакоў, паслаў ганцоў на ўсе староны, каб клікалі народ да вялікаго паўстаньня проці паноў. Народ усюды з радасьцю прыймаў ганцоў Хмельніцкаго, і людзі, годные да аружжа, выпрагалі з сох сваіх каней ды пасьпешалі ў Січ. Сабраўшы шмат сіл, Хмельніцкі кінуўся на крэпасць Кудак і дабыў яе. С Кудаку Хмельніцкі пісаў да караля Владыслава пісьмы, даходзячы перэд ім казацкіх крыўд, але Владыслаў як-раз у тым часі памёр (ў 1648 гаду), уносячы с сабой апошні звязак казакоў с Польшчай.
На месцо Владыслава палякі выбралі на караля Яна Казіміра. Тымчасам Хмельніцкі, зазваўшы на помач сабе Татароў, меў ужо блізка поўмільёна войска, каторае прызнавала яго сваім гэтманам; з гэткім аграмадным войскам ішоў ён у Польшчу мсьціць за сваю і народные крыўды. Нішто не магло аперціся яго грознай сіле. Разбіў ён польскае войско пры Жоўтых водах;—пад Корсунем узяў у няволю польскіх гэтманоў: Каліноўскаго і Потоцкаго. Палякі, бачучы, што сіла казацкая—грозная, пастанавілі пайсьці „посполітым рушэньнем“ на казакоў, але не дацэнівалі іх сілы. І вось Хмельніцкі ешчэ раз разьбіў палякоў пад Пілавіцамі. Гэтую бітву польскі гісторык Кубаля апісывае вось як: „шляхта выступіла з блескам, на які Рэчпосполітая здабыцца магла толькі па доўгім спакою. Узялі з скарбцоў найдаражэйшае аружжэ, апратку з рысіх і саболіх скур; забралі пурпурные з залатымі узламі рыдваны і скарбные возы, поўные дарагіх апратак, золата, срэбра, дарагіх каменьнёў, а шмат хто з рыцароў прадаў апошні дабытак, каб дараўняць другім у блеску. Так стануло пад Львовам 40 тысяч шляхты, прыбранай як бы на вясельны банкет. Мігацелі ў грамадзе срэбрам тканые адамашкі, аксаміты, залацістые паясы, срэбрыстые панцыры і гэлмы; шумелі саколіе крыльля, хісталіся на ветры брылянтовые кіты, а коні мігацелі ў залацістай збруі, ў шаўковух сетках, званілі пасрэбранымі падковамі. Ішоў на Украйну паход, як на коронацію. Дзьвесьці тысяч слуг з лёгкім аружжэм паступало за войскам разам з нялічэным лікам вазоў і карэт панскіх. Хацелі паказаць збунтаваным мужыком, што ідуць паны.. Шляхта голасна казала, што не шаблямі, але бізунамі будуць ваеваць з мужыкамі“. Тым часам—„...войско Рэчы посполітай стануўшы пад, Пілавіцамі, ня біўшыся с казакамі, уцякло ў найбольшым безладзі. Начальнікі першые уцяклі ў ночы з абозу.
Рысунак: Богдан Хмельніцкі гэтман казацкі.
За імі пайшло войско, пакінуўшы ўвесь абоз казакам“. Пасьля гэтаго Хмельніцкі пайшоў на Львоў; узяўшы з гэтаго гораду багаты окуп, пакіраваўся на Варшаву. У Замосьці прыняў каралеўскіх паслоў. Каралеўскім паслом Хмельніцкі паставіў вось такіе варункі згоды: каб сілай не прымушалі перэхадзіць народ у каталіцтво; каб жыдоў і езуітоў, каторых Хмельніцкі называў „Візувітамі“, ўзялі палякі назад к сабе ў Польшчу; каб Мітрополіт Кіеўскі заседаў у польскім сэнаце і ўсе ўрады на Украйне аддаваліся толькі праваслаўным, ды каб 40 тысяч казакоў Рэчпосполітая трымала пад аружжэм сваім коштам; а наканец, каб выдалі яму Чаплінскаго. Як з гэтаго відаць, варункі Хмельніцкаго былі зусім справедлівые, тымчасам шляхта на сэйме аткінула іх і пастанавіла далей ваеваць. Вайна гэта цягнулася безмала 6 гадоў і скончылася тым, што казакі, як незалежны народ, падаліся пад апеку Масквы ў 1654 гаду, пры цары Алексею Міхайловічу.
Калі паўсталі за свае правы Украінскіе казакі, пачаў варухацца народ і у нас на Беларусі, гдзе ганцы Хмельніцкаго паддавалі не мала ахвоты да гэтаго. Але тутака рух быў шмат слабейшы, бо на Беларусі ў той час стаяло моцнае войско, каторае прыгатавала Рэчпосполітая, спадзеваючыся напасьці Масквы.
Першы на Беларусі пачаў паўстаньне Антон Небаба, намаўляючы селян і мешчан, прыціснутых так сама, як казакі, паўстаць на абарону сваіх правоў. Пасьля прылучыліся да яго палкоўнікі казацкіе Непаліч і Хвэсько, каторые праз кароткі час патрапілі сабраць каля сябе блізка 30 тысяч чэлавек. Беларускае селянство вітало казацкае войско хлебам і сольлю і грамадамі прылучалося да яго. Старадуб, Гомель, Лоеў і Брагін атчынілі ім свае брамы.
Пры першай чутцы а паўстаньні на Беларусі гэтман Радзівілл паслаў проці казакоў вялікае войско і, спаткаўшы іх за Прыпецьцю, разбіў. Польскіе „жоўнеры“ ішлі на казакоў, бытцам на аблаву, па лесох, і балотах; с хворасту і балота выцягівалі іх і рэзалі без міласердзя. Адна грамада казакоў з 200 людзей, засекшыся на купіне, доўга баранілася проці рэгулярнаго войска; хаця гэтман, ацэніваючы іх багатырство, даровываў ім жыцьцё, але яны гэтай афяры не прынялі і, на знак свайго пастанаўленьня не паддацца жывымі, ўсе грошы перэд вачыма польскаго войска ў ваду кінулі, а самі з нявіданай адвагай кінуліся на непрыяцелёў, ды толькі пехота патрапіла выперці іх з зарубоў і ўвагнаць у балота. І там яны не хацелі паддацца; стоючы па пояс у балоце, бараніліся да паследка. Некаторые с казакоў зачыніліся ў Пінску; тады Пінск быў узят прыступам і зруйнаваны да шчэнту разам з жыцелямі. Аб гэтым прыпадку ў Пінску ешчэ да сягоньняшніх дзён пяе беларускі народ:
Із пад Слуцка, із пад Клецка
Едзе дружба маладзецка,
Ад княжаці із пад Мінска
Ваеваці места Пінска—
Места Пінска ваеваці,
Ад ляхоў абараняці.
Хоць прыйшлі—не далі рады,
Ўсе пагінулі ад здрады.
А я пайду ў пост вялікі
Да Турова, да Владыкі,
Каб малебен адслужыці,
Ды пакаюсь за грэхі,
Дзень і ноч буду маліці,
Дзень і ноч буду прасіці,
Каб загінулі Ляхі.
Пасьля разбіцьця Радзівіллам казакоў над Прыпецьцю і зніштажэньня Пінска, паўстаньне на Беларусі на нейкі час успакоілося, але не на доўга: яно разгарэлося ешчэ з большай сілай. калі разыйшлася вестка аб разбіцьці польскаго войска казакамі пад Пілавіцамі. Просты народ—селяне пачалі схадзіцца на рады па лесох і па лесох організаваць збройные дружыны, каторые з дня на дзень павялічываліся сьвежымі сіламі. Па сёлах і вёсках зьяўляліся нет ведама скуль старцы-лірнікі, каторые апевалі народу яго нядолю, пабеды казакоў і блізкую гібель паноў. Паміж народам пачалі хадзіць дзіўные і не падобные да праўды чуткі, бытцам шляхта збунтавалася проці караля ды маніцца вырэзаць мужыкоў, а казакі паўсталі за караля. З вёскі ў вёску перэдавалі лісты Хмельніцкаго, ў каторых пісалося тое-ж самае.—Дык народ слухаў лірнікоў, слухаў бытцам „каралеўскіх“ лістоў; зьбіраўся, радзіўся і ў канцы браў касу, рогаціну, тапор на доўгім чэране і ішоў у лес злучацца з дружынамі. Дружыны расьлі, даходзілі вялікіх сіл і памыкаліся здабываць нават добра умацаваные гарады, якімі Слуцк і Быхоў былі ў тые часы.
Справы рабіліся ўсё больш і больш грознымі. Радзівілл з войскам патрапіў да восені (1648) адабраць ад паўстанцоў Чэрнобыль, Гарадок, Могілеў і колькі другіх гародоў за Днепром, дабытых перш паўстанцамі. Але Рэчыца і Мозыр бараніліся да ўпаду. У Мозыры жыцелі,—хаця ім абецалі ўсім да аднаго дараваць віну, калі яны аддадуць аружжэ,—не пайшлі на згоду і ўсе да апошняго былі выгублены, а палкоўніка Міхаленка пакаралі ганебнай сьмерцьцю за тое, што ён разам з жыцелямі бараніў Мозыра.—Жыцелі Бабруйска пад камандай Подубіча другі раз падняліся, але, перэпужаўшыся прыезду самога гэтмана, згодзіліся выдаць зачыншчыкоў паўстаньня, каторые, каб збавіцца ад ганебнай сьмерці, запёршыся ў сваіх хатах, самі сябе падпалілі.
Як моцна бунтаваўся тады народ, лепей за ўсё відаць са слоў аднаго с тагочасных польскіх гісторыкоў, каторы дзівуецца, што ў тые часы, калі ўрад ледзьве мог знайсьці сабе „жоўнероў“ за дарагіе грошы, паўстанцы, не бёручы ні платы, ні харчоў,—сваей ахвотай зьбіраюцца вялікімі грамадамі і ўсяго маюць паддастаткам. А другі гісторык прыраўнівае мужыцкае паўстаньне да зьмея, катораму, заместа аднэй адсечэнай галавы, вырастае колькі новых галоў.
Хаця ў гарадох і было здушэно паўстаньне, ўсё-ж такі яно не зусім заціхло: ў розных мейсцах Беларусі хадзілі збройные грамады, а Хмельніцкі ад сябе прысылаў падмогу паўстанцам. Так, палкоўнік Кржэчкоўскі прыйшоў на помач с 14 тысячамі казакоў, але быў разьбіты пад Лоевым; тады, адступіўшы к Днепру, засеў ён серэд балот і доўга непакоіў рэгулярнае войско, але ў канцы і ён, і яго казакі пагінулі да аднаго. Тое-ж самае было і с палкоўнікам Поцубайлам, каторы вёз с сабой у чоўнах каля 12 тысяч казакоў: усе яны разам з ім згінулі.
Уляглося зусім паўстаньне толькі пасьля Збороўскай згоды, на каторай шляхта абецалася здаволіць жаданьня казакоў. У гэтым часе, пасьля Збороўскай згоды, адыйшла да Украйны і часць Беларусі: па Днепры ад Быхова, адтуль па рэцэ Сожы і Сожай да Смаленскаго павету. Гэтману Радзівіллу, за яго стараньне каля успакаеньня паўстаньня на Беларусі, сэйм аддаў на вечные часы Нэвэль і Себеж з ваколіцамі.
Прыймаючы пад сваю ўласць казакоў, Маскоўскі Цар Алексей Міхайловіч добра разумеў, што Польшча без вайны не прызнае яго правоў на Украйну; вось, каб прымусіць іх да гэтаго, ён сам першы выйшоў проці іх з аграмадным, блізка двухсоттысячным войскам. Войско гэтае было раздзелено на чатыры часьці: глаўные сілы—пад кірункам самога Цара—ішлі к Смаленску; другая часьць—пад кірункам Шэрэметева—пасувалася па-уз Дзвіньню к Полацку праз усю цяперэшнюю Вітэбскую губэрню; трэйцяя—пад кірункам Трубецкога—ішла на Могілёў, а казакі пусьціліся ў заднепроўскіе беларускіе землі.
6 Траўня (мая) 1654 году царскае войско прыступіло к Смаленску, каторы, зачыніўшыся, нажыдаў непрыяцеля. Горад быў добра умацаваны і меў паддастаткам усякіх запасоў,—як ваенных, так і харчоў,—дык мог доўгі час трымацца, тым больш, што ў горадзе было, апрача 4 тысяч шляхоцкаго войска ешчэ дзьве тысячы немецкай артылеры з гарматамі, над каторымі старшым быў практычны ваяка немец Вільгэльм Корф,—ды ешчэ шмат мешчанскаго войска — так званай „смаленскай дружыны“. Алексей Міхайловіч хутка ўцяміў, што горад узяць сілай трудна, дык пачаў прабаваць іншых дарог. Смаленскім Ваеводай пад той час быў Піліп Обуховіч, чэлавек малодушны і перэкупны. Яму Маскоўцы і зрабілі посул, каб ён здаў ім горад за добрые падаркі. Обуховічу гэтаго два разы казаць ня трэба было: ён прыстаў на здачу гораду, і горад хутка здаўся, хаця на гэта вельмі нарэкалі як само войско, так і мешчане, каторые рваліся да абароны. Здача Смаленска насьцеж аткрыла Маскоўскаму войску вароты ва ўсю Беларусь, і Цар Алексей Міхайловіч, не чэкаючы, скарыстаў з гэтаго. Здача Смаленска Маскоўцам абурыла ўвесь край і вызвала немала напасьцей на Обуховіча, аб чым сьведчаць нам розные гісторыкі. З дакумэнтоў, датыкаючых гэтых здарэньнёў, для нас мае не малую цэну ліст Комуніякі да Обуховіча, пісаный па Беларуску, катораго шмат копій разходзілося па краю. Ніжэй друкуем гэты ліст, трымаючыся тэксту копіі, перэховыванай у Кракове ў „Narodowy'm Muzeum“ (z tek Emeryka Capskiego 8, rękopisa cr. 1. Varia); папраўлены ён павэдлуг другой копіі, каторая празначэна для Беларускаго національнаго музэума і пакуль-што знайходзіцца у прыватных руках.
Рысунак: Цар Алексей Міхайловіч.
„Міласьцівы Пане Обуховіч мой ласкавы Пане.
„З умыслу пасылаю служку нашаго, Пана Іоахіма Говорку, абвешчаючы добрае здароўе Вашмосьці ці нездароўе, ў якім тот час Господ хаваць рачыць пасьля того перэпуду Маскоўскаго! і я так знаю, што трудно Вашмосьці ўсім на жывоце. Да ня гневайся, Госпадару, на мене, што я тытула воеводзкаго не даложыў. Бо, напісаўшыб Воеводою Смоленскім, тобы я солгаў; напісаўбы безвоеводзкім, тобы Вашмосьць загневаў, хоць незашто. Бо мне бачыцца, калі Вашмосьць Смоленск продалі, то і тытул оддалі. Многа людзей звешчалі (аб тым), што і Вашмосьці людзі грошы пабралі (ад Маскоўцоў). Лепей было пане Філіпе сядзець табе у Ліпе. Уваляўся Вашмосьць у вялікую славу, як сьвіньня у гразь, горш таго калі хто пападзе у новым кожусе у густое балото. От нам затое, што дзёшова Масква соболі прадавала, ўсю Русь з людзьмі забрала,—мы, убачыўшы густые соболіе каўнеры, позналі есьмы, што худа будуць біцца і нашы жолнеры, а што мы бедные у кажухах сем лет Смаленска дабывалі, то вы мудрэйшые ў саболях за чатырнаццаць нядзель аддалі. Баюся я вельмі, штоб за тое баба каму пупа ня рэзала—за меншую віну, кажуць людзі, Пана Осьціка нябошчыка напалохаў кат у Вільні, аж мяса яго валаклося, што адно картачку пісаў да Масквы неосцерожна, а мы і Цара у ногу цалавалі, і грошы пабралі, але больш нам тое так не мінецца. Пан Госевскі не многа па лацінску умеў, а з меншым людам і апаратам ваенным і жыўнасьцю Смоленска дадзержаў. Мудрасьць вяліка, кажуць людзі, як тая сьвіня: калі много ее хто зажываець, той нічога не дбаець,—а калі чэлавек надта кусіць і пастагнаць, мусіць, і хвасту бывае непакой. Зофія філёзофія судзіла сядзець высока, гаварыць глыбока. Кудзеля, пане, жаноцкая рэч, ды штоб пекла гаразд оладкі.—Іосць у мене старые кнігі у новым куце, заўсёды я там много вычытаў жаноцкай псоты, яковай з вума зводзяць людзей мудрых, многіх і сьвятых, а штоб як нас грэшных к ліху не прывялі. А каліб датуль Вашмосьць пісаром быў, тоб чэлавекам слыў, і того-б з нас годзі было за нашае ліхое шальберство. Паказуюць людзе і тое на Вашмосьці, якобы до вымысленя подымнаго ніхто не быў прычыною, Толькі Вашмосьць, каторым выкурылі нашых мужыкоў, як верабьёў з венікоў—без мало з мудрых ораціёў ня будзе много раціёў, послом зостаўшы много праўды не гаворыце, толькі берэце копы (даўней грошы лічылі на копы), дэпутатам копы, комісарам копы, а тые копы пастрыгуць не аднаго у хлопы, а ня ведама гдзе будзець.—У Гданьску ёсьць там каму валы сыпаці і без нас, што людзі старые мовілі, то ўсё праўда і горазд у памяці маю, колі быў пан Мелешка каштэлянам Смаленскім, то я, будучы на сэйме, на той час за ім з кордзіком стаяў—яго мова ў тые словы была.—Панове, кажу вам праўду, по вельмі мудрых людзях нічога на сём сьвеці, за тры хвілі з болота чыняць золото, а з золота болото своімі шальберскімі мовамі і разговорамі, штобы нас простых ошукаць і ў блазны пострыгці, але покуль ён таго докажэць, сам кепом зостанець. Надуўся ў Сэнаце, як петух галагуцкі, а праўды не пытай, усё баламутня. З гурбою дзержыць так, так, так, а калі мовіць тое не так і піскнуці ня хочаць. Не баяўся так караля Іхмосьці Зыгмунта (Аўгуста) і ўсіх сэнатароў ані умеў болей толькі часоўнік і псалтыр перэчытаць, по многіх кнігах зблудзіўся. Цеперачны розум, як каза па лесе, а на праўду сьвятую ні ад каго здароваго нет, адно баламутня, і самі погібнуць і нас погубяць, кождэн Мосьці Пане ужываць будзе. Як цюнец мой быў з сынамі у мястэчку Палоннай з курмі на торгу, чуў од кагось і мне звестно, што ляхы на Вашмосьці вельмі пазакручывалі хвасты, одноб толькі сэйм дайшоў, бо яны хочуць Вашмосьці аб тое турбоваць не кепско, дай то Божэ штоб тое дармо не мінуло, і то лі праўда чылі не паказываюць на Вашмосьці якобы Вашмосьць у дванадзесят пёхоты зьехаў на адзыскане Смоленска, дарэмно то Вашмосьці стараньне, маючы чатырнадсот пехоты да абароны Смоленска, людзей зацных і добрых пры жыўнасьці і гармаце, ды не хацеў бараніці, а цепер толькі маючы грэблю ў маетнасьці Полоннай сыпаці пазваляюць, а (не) Смаленска назад адзысківаюць. Ой пане, годзі вы так як сліжа ў Неман упусьціць, не заўтра тое ужо будзе, людзі і тое кажуць даводне во ўсіх штурмах Вашмосьці толькі аднаго ткача забіто і то не вельмі знаменітаго, хтось поведзіл якобы Вашмосьці воеводзтво кракоўскае Кароль Его Міласць у награду Смоленска мае даці, бояцься Ляхы вельмі штобы Твая Міласьць Вэнгром оных не прадаў.—Нешто пане ото родом дому дзеецца.—Дзед Тваей Міласьці калі Генэралам быў у Мозыры, то слыў, што за малые грошы непраўду продаваў. — Пан оцец Вашмосьці судзьдзёю будучы Мозырскім за маей памяці у каго больш узяў, таго хороше осудзіў. Калі нябошчык з таго сьвету уступіў, Мозыране вельмі рады былі, а калі-б Вашмосьць дагэтуль за праўдаю хадзіў, тоб і Бог памагаў, дадушы то мне дзіўно што Вашмосьці трыста падвод пад адну пасьцель Масква дала, тоб гэта не посьцель была так вельмі цяжкая, хіба кождая перына абернулася ў чырвоные золотые, сяк так нагородыўся Вашмосьці ўпуд маскоўскі. Каліб гэтакую кучу гною даў вывезьці із Смоленска Хмельніцкаму до Чэгрына, і тоб не без шкоды было. Пане, у мене гэтай брэдні ёсьць не мала, адных перын дзевяць кром дробных падушак, і то адна кабыла возіць, гдзе тэй брэдні патрэба! Меўбы і болей што да Вашмосьці пісаць, злепаваўся дужэ і стаць не магу. Да не гневайся Господару, а хтож каго осьцерэжаць, калі не мілы свой даўны друг.
Рысунак: Руіны замчышча ў Люцыне.
Дан с Тулан дня 6 Юнія 1655 году.
Здабыцьце Смаленска, як ужо вышэй было сказано, аткрывало насьціж дарогу ў глыб беларуска-літоўскіх зямель маскоўскаму войску, каторае шыбка пасувалося наперад, здабываючы адзін за адным гарады „літоўскіе“. За колькі месяцоў вайны ў руках Алексея Міхаіловіча—былі ўжо: Вітэбск, Могілёў, Мінск, Коўна, Гродна і Вільня. Ўсяго было ўзято больш за 200 гарадоў, мястэчек і замкоў. Здабыўшы Вільню і часць літоўскіх зямель, цар Алексей Міхайловіч пачаў першы з цароў Маскоўскіх называць сабе „всея Великія, Малыя и Бѣлыя Россіи Самадержца“.
Далейшы паход Маскоўскаго войска ў глыб краю затрымалі Швэды, каторые ў той час з другой стараны напалі на Польскую Рэчпосполітую. Думка аб незалежнасьці „Літвы“ пры тагочаснай руіне Рэчыпосполітай ізноў засьвітала ў галовах магнатоў і князёў „літоўскіх“. Князь Януш Радзівілл з сваімі староннікамі ураілі перэдаць Літву пад апеку швэдзкаго караля на тых самых варунках, на якіх яна была злучэна дагэтуль с Польшчай. Гэта была апошняя паманка Беларуска-літоўскіх зямель, каб выламацца з залежнасьці ад Польшчы. Большая частка тагочаснай шляхты не разумела думкі князя Радзівілла і дзеля гэтаго не пайшла за ім. Іншые думаюць, што Радзівілл паддаўся швэдам дзеля таго, што не было як бараніцца;—гэто непраўда. Швэдзкаго войска ў Літве пад той час было усяго толькі 3 тысячы,—літоўскаго-ж было 30 тысяч, а магло быць і шмат болей, калі-б пазвалі тутэйшае селянство. Можэ паступкамі князя Януша Радзівілла кіравало і асабістае жаданьне стацца удзельным Літоўскім князем, але ва ўсім гэтым была і здаровая гасударственая думка адбудаваць незалежнае „Літоўскае“ гасударство.
Тым часам маскоўскаму войску ў Беларусі неяк перэстало шанцаваць; прычына гэтаго была вось якая: калі украінскіе казакі перэдаліся пад Цара маскоўскаго, яны думалі знайсьці ў маскоўскім гасударстві блізкі сабе праваслаўны народ; тое самае думалі і праваслаўные ў беларуска літоўскіх землях, дык Маскоўскаго Цара лічылі апекуном сваей веры. Тым часам бліжэйшае знаёмство паказало ўсю рожніцу зродных, але ад векоў рожных культур, беларускай і маскоўскай. Пры гэтым выйшла, што Беларусы і Маскоўцы рожняцца ва ўсём, ды нават і ў самай веры праваслаўнай. Для Масквы Беларусы не былі рускім народам, але „Літвой“; у Маскве думалі, што рускае—гэта тое самае, што маскоўскае, а ўсё іншае—хаця і рускае, але што вытварылося асобнымі варункамі жыцьця,—значыць і тое, што стварыла беларуская культурная работа, што было сваім для беларусоў, маскоўцы лічылі літоўскім, або і польскім, „лацінствуючым“,— не рускім. Нават чыстае праваслаўе Заходняй Русі было для маскоўскіх людзей „лацінствуючым“, а часам „літоўскай ерэсью“, не кажучы ўжо аб Уніі, каторую лічылі проста „лацінствам“. З гэтай прычыны не раз паміж беларускімі і маскоўскімі людзьмі падымаліся войстрые спрэчкі і сваркі. Беларусь, каторая перш добрай ахвотай хінулася да Масквы, цяпер, падобна Украінскім казакам, старалася выбіцца с-пад яе ўласьці. Нават ярые абаронцы праваслаўя хутка астылі да Масквы. Гарады адзін за адным пачалі варочацца пад ўласць Польскай Рэчыпосполітай. Маскоўская граніца што раз далей і далей адступала на ўсход к Днепру. Ў 1656 гаду цару Алексею Міхайловічу прыйшлося прыстаць на мір с Польшчай, здалеўшы дабіцца таго, што палякі насьледнікам польскаго пасада пасьля сьмерці караля Яна Казіміра прызналі Алексея Міхайловіча.
Хоць Маскоўскае Царство не здалело утрымаць за сабой усе заваеваные ў Беларусі землі, за тое шмат пачэрпнула адгэтуль моральных і навучных сіл для свайго адраджэньня. Праз доўгі час Татарскай няволі Усходняя Русь затрымалася ў сваім развіцьці і далёка адстала ад сваіх пабратымцоў Украінцоў і Беларусоў. Граматнасць паміж маскоўцамі была вельмі слабая, школ зусім не было. Нават духоўнае жыцьцё зусім упало, так што ў 1654 гаду Патрыарх Нікон, устроіўшы Іверскі манастыр, перэцягнуў к сабе часьць манахоў і настаяцеля Кутэінскаго манастыра, Ёіля Труцэвіча, для помачы сабе ў перэбудове маскоўскаго праваслаўя і для прыкладу сваім земляком як трэба устраіваць манастырскіе жыцьцё. Труцэвіч, перэежджаючы ў Іверскі манастыр, перэнёс туды і Кутэінскую друкарню. У 1664 гаду перэцягнулі с Полацка ў Маскву еромонаха Сімона Сітняновіча Сітняновіч выховываў царэвіча Фёдора Алексеевіча і ён першы залажыў у Маскве фундамэнт школьнай прасьветы, пакінуўшы посьле сябе шмат навучных прац. З гэтаго часу пачынаюць маскоўцы рабіць перэклады розных кніг з беларускай і польскай мовы на сваю мову. Такім парадкам над пачаткам навукі і літэратуры ў расейскай мове працавалі вучоные Беларусы і Украінцы, кладучы моцны фундамэнт да далейшаго яе развіцьця.
У Польскай Рэчы-Посполітай зараз пасьля Маскоўскіх воен загараецца ізноў змаганьне розных вер. Але цяпер гэтае змаганьне мае зусім іншы характэр, чым даўней пры панаваньні лініі князёў з Ягайловаго роду. Каталіцтво за гэты час зрабілося верай польскай і зусім злілося с паняцьцем польскай народнасьці, так што паляк і католік гэта пачалі лічыць ужо за адно.
Каталіцтво ў тым часе пачынае кіравацца да таго, каб выціснуць у Беларускіх землях ужо ня толькі само праваслаўе, але уніяцтво, і гэтае апошняе часта-густа церпіць уціск католікоў—„палякоў“. У другой палавіне XVII сталецьця беларуская шляхта без мала ўся ужо перэйшла ў каталіцтво і зусім адарвалася ад свайго народу, заглушыўшы ў сабе польскасьцю беларускае національнае пачуцьцё. Каталіцтво сталося ўжо польскай, „панскай“ верай, а праваслаўе і уніяцтво—верай простацтва, „хамскай верай“. Уніяцтво, ня гледзячы на стараньня езуітоў, усёж-ткі далёка не адыйшло ад праваслаўя, а дзеля гэтаго і не карыстало прыхільнасьцю польско-католікоў, каторые жадалі бачыць Уніяцтво не як веру саму па сабе, але толькі як перэходную ступень у каталіцтво; дзеля гэтаго Уніяцкім папам закон не даваў абецаных правоў. Даходы рускіх папоў—праваслаўных і уніяцкіх—былі такіе малые, што пароху (настаяцелю прыхода), каб пракарміць сваю сямью, прыходзілося так сама як і простаму мужыку абрабляць свой кавалак зямлі. Такое палажэньне зьвертало увагу нават польскіх каралёў, і, як сьведчыць сам Ян-Казімір, мейсцовые паны прымушалі рускіх духоўных асоб адбываць прыгон разам з селянамі, а такжэ судзілі іх сваім судом і паддавалі кары. У канцы католікі дамагаліся нават скасаваньня асобнай Уніяцкай іерархіі і прылучэньня уніятоў да каталіцтва. „Жаляцца уніяцкіе біскупы перэд Богам, перэд сьвятым айцом і сьв. Рымскай цэрквай,—пісаў у 1664 гаду уніяцкі біскуп Якуб Суша ў Рым да папежа,—жаляцца, з задзіўленьнем бачучы, што ўсюды ў нашай бацькоўшчыне знаходзіцца ці мала паноў лаціннікоў, каторые дамагаюцца перэд сьвятой Сталіцай Апостольскай таго, каб нас, уніяцкіх біскупоў, скасаваць, каб меньня нашы прылучыць да каталіцкіх біскупствоў і каб пакінуць нам толькі манахоў і белых папоў, але паддаўшы іх пад ўласць лаціннікоў“.
У 1697 гаду бытцам дзеля таго, каб зраўнаваць правы „Літвы“ с Польшчай, было пастаноўлено, каб ва ўсіх судох вялікаго княжства Літоўскаго ужывалі польскай мовы заместа беларускай, каторая з найдаўнейшых часоў была мовай урадовай (гасударственай). З гэтаго часу ўжо наша „польская“ шляхта дружна пачынае выцесьняць сваю спрадвечную мову с публічнаго ужытку ды пакідаць яе адно да прыватных патрэб, ужываючы толькі у зносінах і гутарцы з селянствам,
Каля 1717 году зьявіўся тайны праект, каб скасаваць „рускую“ веру і народнасць у граніцах Польшчы; гэты праект маніўся скасаваць ня толькі праваслаўе, але і Унію, каторая ўсёж-ткі была рускай верай.
З Базыльянскімі манахамі палякі мірыліся, бо патрапілі скарыстаць з іх помачы для апалячываньня беларусоў, але за тое вельмі не любілі сьвецкае „белае“ духавенство. Часта спатыкаем мы у польскіх пісьменнікоў цэлые хвалебные гымны аб свабодзі, якая панавала ў Польшчы, але тут зьяўляецца пытаньне: для каго і якая была гэта свабода? Свабода веры, праўда, была ў Польшчы ў часе панаваньня князёў з роду Ягайлы, або, іначэй кажучы, была ў той час, калі наша беларуско-Літоўская лінія князёў панавала ў Польшчы; значыць, пакуль у польскім жыцьці мелі сілу „Літоўскіе“ людзі, датуль была і свабода веры. Было і тады змаганьне за веру, але гэтае змаганьне з гасударствам нічога супольнаго ня мело: гэто было змаганьне партій. Роўна с тым часам, калі палякі, дзякуючы Люблінскай Уніі, забралі ў свае рукі ўнутрэнае жыцьцё ўсяго гасударства,—значыць, і літоўска-беларускіх зямель,—гіне і ўсякая свабода ў Польшчы. Гэта не голослоўная казка, але праўда, каторую даводзяць пастанаўленьня сэймоў і тысячы судовых актоў. На прыклад, пасьля сьмерці Аўгуста II на конфэдэраціі 1732 году было пастаноўлено: „касьцёл каталіцкі не павінен цярпець каля сябе другіх вер; людзям другіх вер—праваслаўным і протэстантам—адбіраецца право быць выбранымі ў дэпутаты на сэймы, трыбуналы (суды) і ва ўсякіе асобные камісіі, устанаўляемые для якіх-небудзь спраў. Правы іх зраўніваюцца з правамі жыдоў. Духоўные іх не павінны хадзіць яўна па вуліцах с сьвятымі дарамі (сакрамэнтамі); хрысьціны, шлюбы, пахароны яны маюць права рабіць толькі дастаўшы пазваленьне ад каталіцкаго кзендза, дый то за устаноўленую плату. Пахароны з харугвямі і народам людзям другіх вер забараняюцца; яны павінны хараніць нябошчыкоў у ночы. Ў гарадох інаверцы павінны бываць на каталіцкіх працэсіях; у сёлах не маюць права мець званы пры цэрквах. Дзеці, каторые родзяцца з мешаных шлюбоў, павінны быць каталікамі, і нават праваслаўные пасынкі вотчыма-каталіка павінны прыймаць каталіцтво“. У 1747 гаду выйшоў каралеўскі указ, каб у каралеўскіх маёнтках пасьля памершых праваслаўных і уніяцкіх папоў не назначалі на іх мейсцэ новых без пазваленьня самога караля. На Сэйме 1764 года пастаноўлено было караць сьмерцьцю тых, каторые пяройдуць с каталіцтва у другую якую веру, і пастаноўлено было запісываць у падданство сыноў папоўскіх, калі яны да 15 гадоў не навучацца якой спэціяльнасьці. У 1766 гаду біскуп кракоўскі, Солтык, падаў Сэйму думку, каб кожнаго, хто асьмеліцца сказаць на сэйме мову на карысьць інаверцоў, аб'яўляць ворагам гасударства. Сэйм думку гэту прыняў з радасьцю і зрабіў яе законам.
Рысунак: Беларусы пачаткоў XIX сталецьця (Барысоўцы).
Калі мы ўсё гэта разгледзім, тады зразумеем, чаму беларускае праваслаўнае духавенство шукало апекі у маскоўскіх цароў: Польшча для іх была мачыхай, дый злой мачыхай. Тое-ж самае рабілі і протэстанты, звертаючыся за апекай у Немеччыну. Дзеля гэтаго суседніе с Польшчай гасударствы пачалі мешацца ў унутрэнае жыцьцё польскаго гасударства і што раз болей і болей сталі кіраваць гэтым жыцьцём. К гэтаму пры выборы кожнаго новаго караля ў Польшчы складаліся розные партіі, каторые стаялі кожная за свайго кандыдата, цягнулі ў розные бакі і так сама прасілі помачы суседніх гасударствоў. Кароль жэ, выбраны якой небудзь партіей, ня меў ніякіх правоў, бо ўсё лежало на сэймах, а сэймы адзін за другім зрывала сама шляхта, карыстаючы с права „veto“ (не пазваляю).
Пад канец XVIII сталецьця непарадкі ў унутрэным жыцьці Польскаго гасударства павялічываюцца ешчэ дамовымі сваркамі і войнамі. Ад доўгіх войн з Масквой, а пасьля са Швэдамі, народ зусім згалеў, к таму-ж народ гэты ўсе свае разумные сілы аддаваў не на будову новаго жыцьця, але на рэлігійнае і партійнае змаганьне. Навука, перэйшоўшы зусім у рукі духавенства, стаяла на вельмі нізкай ступені, ды на першым мейсцы ставілі рэлігійные пытаньня. Пры такіх варунках развіцьце народа не йшло наперад, але нават падало ўніз, як у палякоў, так і у беларусоў. Прыцісненьня за веру некаталікоў, як ужо вышэй было сказано, давалі суседнім с Польшчай гасударствам право мешацца ў яе ўнутрэнае жыцьцё, а нават пры помачы падкупленых або падстаўленых людзей кіраваць гэтым жыцьцём.
Рысунак: Беларусы канца XIX сталецьця (Случчане).
У 1767 гаду „дыссыдэнты“ (кальвіністы і лютэране) зрабілі саюз—так званую „Слуцкую конфэдэрацію“, да каторай пазьней далучыліся і праваслаўные з беларускім архіепіскопам Грыгорам Коніскім[?]. Конфэдэрація гэта дабівалася для дыссыдэнтоў роўных правоў с каталікамі; а як для расейскай палітыкі было карысна, каб у Польшчы была завіруха, дык Расейскі ўрад падтрымліваў гэту конфэдэрацію, а Імператрыца Кацерына II дабілася ад польскаго ўраду роўных правоў для інаверцоў ды гэтым ешчэ болей раздражніла староннікоў агранічэньня правоў дыссыдэнтоў. Сіла Расеі ў Польшчы з году на год узрастала, і Расея камандавала блізка ўсім яе ўнутрэным жыцьцём; гэта не падабалося польскім патрыотам, і яны для абароны Польшчы ад Расеі зрабілі так сама свой саюз—Барскую конфэдэрацію (с каталікоў). Конфэдэрацкая вайна блізка чатыры гады трывожыла Польшчу і ўцягнула Расею ў вайну с туркамі. Пасьля гэтай вайны наступіў першы раздзел Польшчы ў 1772 гаду. Па гэтаму раздзелу да Расеі адыйшло: Інфлянцкае воеводзтва і Беларусь аж да рэк Дзьвіны, Дручы і Днепра. Чужэземнае войско увайшло ў адрэзаные часьці Польшчы, і Сэйм зацьвердзіў гэты раздзел. Але палякі не маглі спакойна глядзець на раздзел свайго гасударства; зразумеўшы, што ўсё гэта зрабілося ад таго безладзьдзя, якое панавало ў Польшчы, яны, каб паправіць беду, задумалі завясьці у сябе констытуцію. Партія, каторая хацела аднаўленьня Польшчы і каторай кіраваў граф Потоцкі, дайшла свайго: констытуція была зацьверджэна 3 мая 1791 году. Настаў новы лад у Польшчы, але скора знайшліся нездаволеные як гэтым парадкам, так і тым, што на Сэйме скасавалі право „veto“. Гэтым адным словам даўней кожны шляхціц мог сарваць хоць якое пастанаўленьне Сэйму. Вось, гэтые нездаволеные злучыліся у конфэдэрацію пад кірункам Шчаснаго Потоцкаго, Браніцкаго і Жэвускаго і звярнуліся за падмогай да царыцы Кацерыны II. Царыца выслала ім на помач сваё войска, а проці іх выступілі староннікі гасударственаго ладу пад камандай Понятоўскаго і Косьцюшкі; але расейскае войско разбіло іх. Кацерына прымусіла караля Польскаго Станіслава адрэчыся констытуціі і прылучыцца да конфэдэратоў.
Тады за згодай Пруссіі зроблены быў другі раздзел Польшчы 23 студня 1793 году. Тады да Расеі адыйшла рэшта Беларусі с Палесьсем, Валынь і Падольле, а 25 лістапада 1795 году адбыўся трэйці і апошні раздзел Польшчы.
Рысунак: Полацк у канцы XIX сталецьця