А. Лукашевич. Русско-прусские планы 1811 года: оригинал
Статья минского историка по документам Военно-исторического архива: миссия Шарнхорста в Петербург, военная конвенция, разведка в пограничных губерниях, маршруты дивизий к Бресту, Кобрину и Каменцу и несостоявшийся удар по Варшавскому герцогству. С. 5-20. Текст на языках издания.
Планаванне і падрыхтоўка расійска-прускай наступальнай аперацыі супраць Княства Варшаўскага восенню 1811 г.
Андрэй Лукашэвіч (Мінск)
Да 1811 г. Прусія, каторая ў выніку вайны 1806–1807 г. не толькі згубіла свой аўтарытэт, але і пазбавілася значнай часткі уладанняў, заставалася верагодным саюзнікам Расіі ў барацьбе з Напалеонам. Але пасля Тыльзіту знешнепалітычны курс прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III быў крайне непаслядоўны. З аднаго боку кароль неаднаразова звяртаўся да Напалеона з прапановай сваіх паслуг у будучай вайне з Расіяй, а з другога – занепакоены празмерным узмацненнем французскага імператара, прапаноўваў Аляксандру I свае ваенныя рэсурсы і сябе на чале германскага апалчэння. Апошняе было верагодным толькі ў выпадку, калі расійская армія прасунецца да Сілезіі.
У сваю чаргу расійскі імператар, які летам 1811 г. прыняў у якасці асновы абарончы план вядзення вайны з Францыяй, не спыняў намаганняў па магчымаму стварэнню антынапалеонаўскай кааліцыі з мэтаю перанясення ваенных дзеянняў у Еўропу. Таму Аляксандр I з зацікаўленасцю ўспрыняў прапановы прускага бока.
Місія Шарнхорста
Летам і восенню 1811 г. ішлі сакрэтныя расійска-прускія перагаворы. У верасні 1811 г. прускі ўрад накіраваў у Пецярбург начальніка генеральнага штаба генерала Г.І.Д. Шарнхорста (1755–1813) для ўзгаднення ваенных планаў Расіі і Прусіі на выпадак вайны з Францыяй.
Пра падрыхтоўку прускім кабінетам гэтай місіі расійскі пасланнік у Берліне Х.А. Лівен паведаміў канцлеру М.П. Румянцаву яшчэ 11(23) ліпеня 1811 г. Пры гэтым ён ахарактарызаваў Шарнхорста як вельмі ўплывовага дзяржаўнага дзеяча Прусіі, прынцыповага праціўніка арыентацыі палітыкі гэтай краіны на Францыю і прыхільніка збліжэння з Расіяй. Лівен пісаў, што правячыя колы Прусіі „ва ўсім прытрымліваюцца тактыкі чакання”, і што берлінскі кабінет, адпраўляючы Шарнхорста ў Расію, разлічвае „падрыхтавацца да любых нечаканасцяў, дамовіцца аб сілах, якія выдзяляюцца для сумеснай абароны, і забяспечыць пры дапамозе адзінага плана найбольш спрыяльныя магчымасці для паспяховага вядзяння вайны”. Лівен выказваў меркаванне, што „надзею на шчырую дапамогу з боку Прусіі зараз можа змяніць упэўненасць у ёй”1.
Паездка Шарнхорста ў Расію трымалася ў глыбокай тайне: з Прусіі ён выехаў пад прозвішчам падпалкоўніка Меніна, і 12(24) верасня 1811 г. прыбыў у Царскае Сяло.
Першыя ваенныя прыгатаванні Расіі
Да моманту прыбыцця Шарнхорста Расія ўжо прыняла пэўныя меры да магчымых ваенных дзеянняў. У пачатку верасня 1811 г. Аляксандр I прызначыў пункты, „да якіх, у выпадку непазбежнай вайны, войскі павінны збірацца”. Пры гэтым тыя войскі, якія былі размешчаны наперадзе, бліжэй да граніцы, загадвалася не чапаць. Яны павінны былі скласці т.зв. „ридо”, за якім адбывалася б перасоўванне2. 8 верасня ваенны міністр генерал ад інфантэрыі М.Б. Барклай дэ Толі паведаміў упраўляючаму кватэрмайстарскай часткай генерал-ад’ютанту П.М. Валконскаму пра рашэнне імператара, і прасіў яго „неадкладна і ў глыбокай тайне” падрыхтаваць маршруты для палкоў па-асобку, і прадставіць іх „як мага хутчэй”. 12 верасня гэты загад быў выкананы3.
Пры падрыхтоўцы ваеннай аперацыі заўжды неабходна мець вочы і вушы на граніцы, каб пільна сачыць за верагодным праціўнікам. 10 верасня ваенны міністар паведаміў імператару аб першых падрыхтоўчых мерапрыемствах. У прыватнасці, маршруты Барклай дэ Толі планаваў разаслаць „у свой час” і „прама ў палкі з сакрэтнай сваёй канцыляры” (тут і далей курсіў мой – А.Л.). Рассылку планавалася выканаць так, каб „большая частка войск дасягнула сваё прызначэнне раней чым мэта гэтага прызначэння адкрыецца”. Адносна дыслакацыі войскаў верагоднага праціўніка – Княства Варшаўскага – Барклай дэ Толі паведамляў, што яны размешчаны „у розных месцах лагерамі” [каля Модліна – 10 тыс., „па Нарэву каля Астраленкі і бліз нашых граніц... і каля Заморска (Замосця? – А.Л.)” – да 6 тыс. чалавек]. Таму існавала пагроза расійскім запасным магазінам (складам – А.Л.), якія размяшчаліся каля граніцы. У выпадку „раптоўнага на іх нападу”, на думку міністра, магазіны будуць знішчаны раней, „чым войскі з кватэр сваіх паспеюць сабрацца”. Становішча ўскладнялася і тым, што карпусныя начальнікі не мелі на гэты конт ніякіх указанняў: яны будуць у „вялікай нерашучасці”. Таму Барклай дэ Толі прасіў зацвердзіць свае прапановы адносна арганізацыі камандзірамі карпусоў пастаяннай прыгранічнай разведкі з мэтаю „мець назаўсёды самыя верныя звесткі пра тое, што ў суседніх уладаннях адбываецца”, а таксама свабоды дзеянняў пры высоўванні сваіх войскаў да граніцы, у выпадку набліжэння праціўніка „ў значнай колькасці”. У прыватнасці, 5-ю дывізію прапаноўвалася перасунуць бліжэй да Шаўляў, 4-ю і 1-ю – да Вільні, 3-ю – да Гродна, 11-ю – да Брэст-Літоўска, 7-ю і 24-ю – да Ковеля. Усе астатнія дывізіі павінны былі ісці за войскамі першага эшалону і на тыя ж пункты, каб гэтым прыкрыць магазіны ад „непрыяцельскага нападу”. Рэзервы маглі падысці да граніцы не раней як праз месяц. „...Дальнія палкі, якіх немалая колькасць, – гаварылася ў дакладзе міністра, – не інакш, як у 25, 26 і 30 дзён могуць паспяваць на прызначаныя пункты, а пецярбургскія войскі – без малога ў 2 месяцы”4.
14 верасня ваенны міністар разаслаў камандзірам трох карпусоў на заходняй граніцы (генерал-лейтэнантам П.Х. Вітгенштэйну, К.Ф. Багавуту і І.М. Эсену) інструкцыі аб арганізацыі разведкі і дзеяннях у выпадку набліжэння войск праціўніка. У прыватнасці, Вітгенштэйну прадпісвалася тайна прыняць неабходныя меры, каб даведацца пра намеры ўрада Княства Варшаўскага і аб перадыслакацыі польскіх войскаў. „Хотя нет вероятия думать, чтоб с их стороны мир мог быть нарушен, но против легкомысленных поляков всегда должно быть осторожну”, – заключаў Барклай дэ Толі. У выпадку, калі польскія войскі пачнуць набліжацца да расійскіх граніц „з варожымі намерамі”, Вітгенштэйну дазвалялася „не чакаючы загада”, наблізіць пяхотныя дывізіі да граніцы. Пры гэтым, да пяхоты прадпісвалася далучыць „дастатковую колькасць кавалерыі і артылерыі”. Пра астатнія войскі паведамлялася, што „гледзячы па абставінам”, яны таксама могуць быць зведзены затым да прызначаных пунктаў. У заключэнні міністр падкрэсліваў, што гэткія перасоўванні неабходна праводзіць „з усёй празорлівасцю, каб не парушыць без прычыны агульнага спакою”5.
Звесткі пра тое, што каля расійскай граніцы збіраюцца войскі Княства Варшаўскага паступалі і раней. Таму 18 верасня Вітгенштэйн даручыў шэфу Магілёўскага пяхотнага палка генерал-маёру князю Сібірскаму сабраць дакладную інфармацыю. Але праз пяць дзён стала вядома, што польскія войскі адышлі ад граніц. Вітгенштэйн лічыў, што войскі Княства збіраліся не столькі з мэтаю пагрозы, колькі з мер перасцярогі на выпадак збору расійскіх палкоў „для манеўраў”. Ад польскіх войскаў тэрыторыю Расіі прыкрывалі раскватэраваныя ў Расіёнах і Шаўлях Магілёўскі і Пермскі пяхотныя палкі. Усе астатнія часткі 5-й дывізіі (за выключэннем егерскіх палкоў), маглі прыбыць на гэтыя пункты „фарсіраваным маршам у 36 гадзін”6.
Багавут атрымаў адпаведнае прадпісанне ў Віцебску, куды ён прыехаў пасля агляду войскаў свайго корпуса. Генерал неадкладна накіраваўся ў Вільню для прыняцця неабходных мер7, а таксама для засылкі „шпіёнаў”. На арганізацыю разведкі 26 кастрычніка Барклай дэ Толі выдзеліў камандуючаму, па яго просьбе ад 30 верасня, 2000 чырвонцаў8.
Эсен атрымаў пісьмо ад міністра ў Міры 25 верасня, і неадкладна загадаў войскам знаходзіцца ў гатоўнасці „да выступлення ў паход, як хутка атрымаюць на то загад”. Эсен паведаміў пра пісьмо генералу ад інфантэрыі Д.С. Дохтураву9, каб узгадніць „перасоўванні, калі абставіны гэтага патрабуюць”10.
Цяжкія перагаворы
Перагаворы ў Пецярбургу пачаліся толькі 22 верасня (4 кастрычніка) 1811 г.; другі раўнд адбыўся праз тыдзень (28 верасня / 10 кастрычніка). Акрамя Шарнхорста, з прускага боку у перагаворах прымаў удзел падпалкоўнік Шолер, які быў пры прускай місіі ў Пецярбургу. З расійскага боку перагаворы вялі Аляксандар I, канцлер граф М.П. Румянцаў і ваенны міністр М.Б. Барклай дэ Толі11.
У пачатку перагавораў Аляксандар I заняў стрыманую пазіцыю. Імператар пагаджаўся з Шарнхорстам, што вайна непазбежна, што яна будзе жахлівай і вырашыць усё. Таму няма прычын, казаў ён, спяшацца. Замест ваеннай канвенцыі, на падпісанні якой настойваў прускі бок, Аляксандар I прапаноўваў тайны дагавор12 і абяцаў разглядаць уступленне французаў у Прусію, як напад на самаго сябе. Але як толькі Шарнхорст настойліва прасіў практычна ўзгадніць дзеянні Расіі і Прусіі, ён натыкаўся на халодную сцяну. У рэшце рэшт, Аляксандар I дазволіў генералу паведаміць ваенныя ідэі, на якіх спыніліся ў Берліне13.
Змест прускага плана ваенных дзеянняў быў выкладзены ў мемарандуме, які Шарнхорст перадаў Барклаю дэ Толі. У адпаведнасці з планам, калі адбудзецца напад на Прусію, расійскія войскі павінны неадкладна перайсці граніцу і заняць вялізную тэрыторыю на левым беразе Віслы. Такім чынам, дапамога павінна аказвацца па першаму патрабаванню Берліна, не чакаючы асобных указанняў з Пецярбургу. Затым расійскія войскі пераправяцца цераз Віслу і разгарнуцца паміж гэтай ракой і Одэрам. Такое прасоўванне расійскай арміі, на думку Шарнхорста, адчыніла бы Прусіі магчымасць паспяхова выкарыстаць супраць Францыі свае 8 крэпасцей і 40-тыс. армію. Па падліках Шарнхорста, Прусія магла адцягнуць на сябе да 100 тыс. французскіх салдатаў і Напалеону прыйшлося мець справу адначасова з сіламі двух дзяржаў. У той жа час расійская армія, далучыцца сваімі правым і левым флангамі да прускіх пазіцый у Памераніі і Сілезіі, і абапіраючыся на дзве групы крэпасцей і саюзныя войскі, стане тварам да ворага і паспытае шчасця ў адкрытым баі. Пры пераходзе Прусіі на бок Расіі, указвалася ў мемарандуме, супраць Францыі паднялося б насельніцтва паўночнай Германіі, і ў вайну ўступіла бы Англія; у адваротным выпадку рэсурсы Прусіі пяройдуць у рукі Напалеона і будуць выкарыстаны ў барацьбе супраць Расіі14.
Гэтыя ідэі былі пакладзены ў аснову прускага праекта ваеннай канвенцыі, які Шарнхорст перадаў імператару. Але праект першапачаткова не быў адобраны Аляксандрам I, паколькі расійскае камандаванне не мела намеру высоўваць сваю армію далёка на захад, дзе яна магла апынуцца адрэзанай ад свайго тылу і быць разгромленай войскамі Напалеона ў Германіі і ў Княстве Варшаўскім. Імператар не праяўляў асабовага даверу да прускага ўраду, паколькі ведаў няўстойлівасць яго знешнепалітычнага курсу. У той час як прускі ўрад дабіваўся падпісання ваеннай канвенцыі, Аляксандар I большае значэнне надаваў падпісанню саюзнага дагавора паміж Расіяй і Прусіяй, які забяспечыў бы сумесныя дзеянні абедзюх краін супраць Напалеона15.
Што тычыцца расійскага плана, прынятага ў чэрвені 1811 г., то папярэдняе ўступленне ва ўсходнюю Прусію і ў Княства Варшаўскае дапускалася ў ім толькі як пабочны сродак, нешта накшталт узмоцненай разведкі, за якой павінна адбыцца добраахвотнае адступленне да войскаў, якія стаялі ззаду; затым новае адступленне да наступнай групы войск – і так амаль да пазіцый, на якіх вырашана чакаць ворага, ужо знясіленага цяжкім паходам і змучанага пастаяннымі дробнымі сутычкамі. Пра аб’яднанне расійскіх армій з прускай, за выключэннем занадта спрыяльных умоў, не было і размовы. Прускія войскі павінны былі заперціся ў сваіх крэпасцях, трымацца ў іх як мага далей, і т.ч., утварыць па баках шляху, па якому пойдзе французская армія, шэраг умацаваных месцаў, занятых яе ворагамі16.
Шарнхорст раскрытыкаваў гэты план. Ён даў зразумець, што прызнаць a priori неабходнасць адступлення пры набліжэнні французаў – значыць аддаць ім усю нізінную частку Прусіі з яе вельмі каштоўнымі сродкамі. Што тычыцца прускіх войскаў, то запёртыя ў некалькіх крэпасцях, прадстаўленыя самі сабе, пазбаўленыя свабоды, яны рана ці поздна, будуць раздушаныя. А манархія, дарэмна ахвяраваўшая сабой дзеля агульнай справы, павінна будзе здацца. У выразах, шчырасць якіх межавала з дзёрзкасцю, Шарнхорст растлумачыў, што Прусія не можа асудзіць сябе на ролю ахвяры, не можа стаць падобнай крэпасці, кінутай на пагібель полчышчам толькі дзеля таго, каб затрымаць іх наступленне. І калі імператар будзе ўпірацца, кароль будзе вымушаны выкарыстаць адзіны шанс на выратаванне – выслухаць прапановы Францыі17.
З гэтых слоў Аляксандар I зразумеў, што Прусія дае яму на выбар толькі два рашэнні: ці ісці да Прусіі, ці глядзець на яе, як на ворага. Імператар не мог не разумець, што 80–100 тыс. добра ўзброеных і апранутых войск, якія адчувалі нянавісць да французаў, будуць яму дарэчы. Калі дапусціць пераход гэтых войскаў на бок праціўніка – гэта можа стаць дурным прыкладам, і дазволіць Напалеону скалаціць кааліцыю. Таму Аляксандар I саступіў. Ён чарговы раз вярнуўся да ідэі наступлення, але на гэты раз захаваў за сабой права вызначаць межы, за якія нельга пераходзіць. Пасля „доўгіх дыскусій” імператар пагадзіўся падпісаць з Прусіяй ваенную канвенцыю (на аснове прускіх прапаноў), якая аб’яднала б арміі дзвюх краін, і звязала б іх лёсы. Канчатковы тэкст канвенцыі ўзгаднялі Барклай дэ Толі і Шарнхорст. У ноч на 2(14) кастрычніка Шолер склаў праект канвенцыі, у які Аляксандар I унёс змены18. 5(17) кастрычніка 1811 г. канвенцыя была падпісана19, а 6(18) кастрычніка 1811 г. Шарнхорст тайна, ноччу, пакінуў Царскае Сяло20.
Ваенная канвенцыя
Згодна ваеннай канвенцыі расійскія і прускія войскі абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў выпадку вайны з Напалеонам. Расія абяцала выставіць 17 дывізій, 6 з якіх будуць знаходзіцца на такім аддаленні ад граніцы, каб пасля атрымання загаду сканцэнтравацца, маглі перайсці граніцу не пазней чым праз 8 дзён. На збор і перадыслакацыю да граніц іншых дывізій патрабавалася ад 3-х да 4-х тыдняў. Са свайго боку Прусія абавязвалася выставіць 80 тыс. чалавек (разам з гарнізонамі). З іх 10 тыс. знаходзілася ў „марках” і на Одэры; 20 тыс. – у Сілезіі; 20 тыс. – пры Кольбергу і 14 тыс. – у самой Прусіі. Астатнія войскі (за выключэннем 6 тыс., якія знаходзіліся ў якасці рабочых у Пілау, але маглі ў любы момант быць выстаўлены ў поле), знаходзіліся ў крэпасцях.
У канвенцыі гаварылася пра тое, што „сістэма вядзення вайны, якой жадаюць прытрымлівацца, вызначана і ў яе духу ўстаноўлены падзел арміі і ў агульных рысах план аперацый”. План аперацый прадугледжваў высоўванне расійскага зводнага корпуса за першую лінію на граніцу Прусіі (недалёка ад таго месца, дзе ўсходняя Прусія ўкліньваецца паміж морам і рускімі тэрыторыямі). Як толькі пачнецца вайна, гэты корпус пераходзіць граніцы і прыкрывае Кёнігсберг ад французскага гарнізону ў Данцыгу і варшаўскіх войскаў. Затым 5 расійскіх дывізій высоўваюцца на Віслу (да яе заняцця войскамі праціўніка), і чакаюць праціўніка. Адначасова пруская армія, сваімі карпусамі, размешчанымі ў крэпасцях, дзейнічае абаронча, але актыўна, і перашкаджае наступленню праціўніка да Віслы21.
Ваенныя прыгатаванні ў час перагавораў
Інфармацыя пра стан Княства Варшаўскага была атрымана ў самыя кароткія тэрміны. Як паведамляў 4 кастрычніка Вітгенштэйну генерал-маёр Казачкоўскі 22, ў „Замосці, Любліне, Варшаве і Сіроцку, сапраўды сабраны польскія войскі, а да апошніх двух месцаў збіраецца ўся канскрыпцыя, але не дзеля памяшчэння ў склад войскаў, а для ўмацавальных работ”. Супраць Віленскай губерні заставаўся адзін кавалерыйскі полк (штаб-кватэра ў Новым Месце), які ўтрымліваў кардон па расійскай і прускай граніцах. Згодна чуткам, якія распаўсюджваліся ў Княстве Варшаўскім, пры Расіёнах збіраецца да 25 тыс. рускага войска, і ўвогуле расійскія лагеры ў „польскіх губернях патурбавалі герцагства Варшаўскае...”. Таму ў Княстве адбываўся рух польскіх войскаў і быў арганізаваны збор коней для артылерыі. Але на думку Казачкоўскага, каля расійскіх граніц яны не змогуць весці вайну з-за вялікага недахопу сена. Генерал таксама адзначаў вялікую колькасць дэзерціраў сярод польскай арміі23.
Прыкладна такога ж характару паступалі данясенні ад Багавута24 і з Украіны ад камандуючага Падольскай арміяй генерала ад інфантэрыі князя П.І. Баграціёна. У прыватнасці, 6 кастрычніка князь пісаў ваеннаму міністру, што па кардону з’явіліся польскія раз’езды, але яны не ўяўляюць небяспекі, паколькі малалікія і павінны сачыць за беглымі. І хаця, па дадзеных разведчыкаў, у Замосце прыбылі адзін ці два пяхотных польскіх палкі, яны прызначаліся выключна для крапасных работ. Пра больш значныя перасоўванні войскаў нічога не было чуваць. Увогуле, на думку Баграціёна, палякі „боятся и в большом страхе, чтоб мы внезапно не сделали на них нападение”25.
Такім чынам, з атрыманых разведдадзеных выходзіла, што прыгатаванні польскага боку выкліканы больш чуткамі аб перадыслакацыі і канцэнтрацыі расійскіх войскаў у пагранічных губернях, і гэтыя прыгатаванні не носяць наступальнага характару.
Завяршальны этап падрыхтоўкі ваеннай аперацыі
У такой, даволі спрыяльнай абстаноўцы, пасля падпісання ваеннай канвенцыі, Барклай дэ Толі прыступіў да рассылкі планаў ваенных дзеянняў да камандзіраў карпусоў.
8 кастрычніка26 ваенны міністр загадаў Вітгенштэйну неадкладна перанесці карпусную кватэру з Рыгі ў Шаўлі, бліжэй да месца канцэнтрацыі 5-й дывізіі, пад маркай, што ў зімовы час „марскія берагі... не падвяргаюцца больш ніякай небяспецы”. 5-ю дывізію належала наблізіць з берагоў Балтыкі да Цельшаў, Шаўляў і Расіён. Гэта планавалася зрабіць так, каб яна „ў некалькі дзён, пасля атрымання загада, магла перайсці ў Тыльзіт за раку Нёман”. Дзеля гэтага Сеўскі полк пераводзіўся з Мітавы ў Куртавяны (заставаўся ў Мітаве да прыбыцця яму на змену з Вендэна 25-га егерскага палка); Калужскі – з Баўска ў Бейсаголы; 23-і егерскі – з Віндавы ў Куршаны; 24-ы егерскі – з Лібавы ў Плун(г)яны; 5-я батарэйная рота 5-й артылерыйскай брыгады – з Мітавы ў Відуклі. Усе іншыя палкі і артылерыйскія роты 5-й дывізіі павінны былі заставацца на сваіх месцах. Перадыслакацыю прадпісвала правесці „без далёкай агалоскі”, пад маркай набліжэння палкоў да галоўных правіянцкіх магазінаў для лепшага харчавання войскаў. Кожны полк планавалася пераводзіць па-аднаму, каб „адзін не ведаў пра рух другога”. У распараджэнне Вітгенштэйна перадаваліся з корпуса Багавута два казачых палкі – маёра Селіванава і падпалкоўніка Радзіёнава – якія размяшчаліся па граніцы і ўтрымлівалі кардон ад Палангена да вусця р. Пасвенты27.
Гэтыя войскі, а таксама Гарадзенскі гусарскі полк прадпісвалася ўтрымліваць ў „пастаяннай гатоўнасці да паходу”. Але, каб пазбегнуць „заўчаснай трывогі”, Вітгенштэйну забаранялася рабіць якія-небудзь прадпісанні. Высокай ступені гатоўнасці раілася дасягаць „частымі аглядамі войскаў”, у час якіх – звяртаць увагу „на ўсё тое, што неабходна для гатоўнасці да паходу”.
Барклай дэ Толі паведаміў Вітгенштэйну, што камандуючы ў Марыенвердэры на ніжняй Вісле прускі генерал-маёр Йорк будзе знаходзіцца з ім у „бесперапыннай” перапісцы. Ён павінен паведамляць графу пра ўсе падзеі на Одэры, Вісле і ў Княстве Варшаўскім, а Вітгенштэйн – інфармаваць імператара. Ваенны міністр таксама паведаміў пра сакрэтны канал сувязі паміж урадам Расіі і Прусіі. Йорк накіроўвае пакеты да Вітгенштэйна „пад адрасам прускага пошт-дырэктара Мілера ў Мемель”, гэты апошні дасылае іх у Паланген да „афіцэра для сувязі” маёра Урангеля, а той – эстафетамі ці з нарачным кур’ерам – да Вітгенштэйна. На выдаткі Барклай дэ Толі выдзяляў 3 тыс. руб.28 А 10 кастрычніка Вітгенштэйну было загадана „зводных грэнадзерскіх батальёнаў не перамяшчаць з палкамі 5-й пяхотнай дывізіі”, а пакінуць іх на сваіх месцах29.
Усе гэтыя прадпісанні Вітгенштэйн атрымаў 12 кастрычніка ў Везенбергу, дзе ён знаходзіўся для агляду войск, і ў той жа дзень адправіўся ў Рыгу „для прывядзення ў неадкладнае выкананне азначаных даручэнняў”30.
12 кастрычніка Барклай дэ Толі раскрыў задачы, якія стаялі перад Вітгенштэйнам31. У выпадку „сапраўднага адкрыцця варожых дзеянняў французаў і іх саюзнікаў супраць караля прускага”, Вітгенштэйн павінен „падмацаваць” прускія войскі, якія знаходзіліся ў самой Прусіі. Для гэтай мэты прызначаліся 12-ць батальёнаў 5-й пяхотнай дывізіі, 5-я артылерыйская брыгада, 8 эскадронаў Гарадзенскага гусарскага палка і 2 казачых палка – маёра Селіванава і падпалкоўніка Радзіёнава. Гэты корпус павінен „прасунуцца цераз Тыльзіт і Прагель раку”, і разам з прускімі войскамі абараняць Кёнігсберг.
Сігналам да выступлення (г.зн. пачаткам вайны) прызнаваліся 3 выпадкі: варожыя дзеянні праціўнікаў, якія маюць мэту заняцце „каралеўска-прускага ўладання”; істотнае павелічэнне французскіх і саюзных ім войскаў на Вісле; заняцце французамі і іх саюзнікамі якой-небудзь часткі прускіх уладанняў. У кожным выпадку, камандуючы на Вісле генерал Йорк перасылае, разам са сваім данясеннем, „уласнаручны” загад на гэты конт прускага караля. Калі французы, за кошт хуткіх дзеянняў сваіх гарнізонаў ў Штэціне, Кюстрыне, Торуні і Данцыгу, перапыняць сувязь паміж Віслаю і Одэрам ці Берлінам, і кароль не здолее даслаць уласны загад, тады генерал Йорк накіроўвае Вітгенштэйну з паведамленнем „аднаго добранадзейнага афіцэра” цераз Тыльзіт і Таўраген у Расіёны ці Шаўлі. Гэтага афіцэра загадвалася даставіць да камандуючага расійскім корпусам „на казачых конях”.
Пры атрыманні паведамленняў ад Йорка, Вітгенштэйну загадвалася пераправіцца з войскамі зводнага корпуса каля Тыльзіта цераз Нёман і ісці да р. Прагель. Адначасова, ён паведамляе пра пераход граніцы нарачнымі кур’ерамі карпусных камандзіраў: Багавута – ў Вільні; Эсена – у Слоніме; Дохтурава – у Дубне; камандуючага Падольскай арміяй Баграціёна – у Жытоміры. Апошнія атрымліваюць загад сабраць свае войскі на зборныя пункты каля граніцы, і павінны „садзейнічаць да адной мэты, па выдадзенай дыспазіцыі”.
Корпус Вітгенштэйна планавалася падпарадкаваць аднаму з „каралеўска-прускіх прынцаў”, як камандуючаму ў Прусіі генерал-губернатару. Калі прынца не будзе, каманду над усімі прускімі і расійскімі войскамі прымае Вітгенштэйн. Прускія войскі будуць складацца з 2 брыгад, агульнай колькасцю 14 тыс. чалавек. Брыгада генерал-маёра Йорка размяшчаецца на Вісле, паміж Граўдэнцам і Данцыгам, а генерал-маёра Штутэрг(х)ейма – каля Кёнігсберга. У выпадку наступлення праціўніка з боку Данцыга і Торна, прускія войскі павінны знішчыць усе пераправы праз рэкі, спыніць і ўтрымліваць яго ў пазіцыях каля Пасаржы і Фрышынга, каб забяспечыць набліжэнне расійскіх войскаў. Харчаванне корпуса Вітгенштэйна ўскладваецца на прускі ўрад, таму граф павінен своечасова зрабіць неабходныя захады. Пры пераходзе цераз Нёман расійскія войскі акрамя 10-дзённага правіянту ў палках, атрымліваюць 10-дзённы запас сухарэй з правіянцкіх магазінаў32.
У той жа дзень, 12 кастрычніка, ваенны міністр прасіў Валконскага скласці маршруты 25-му егерскаму палку для пераходу з Вендэна ў Мітаву. Маршруты складаліся „не па абыдзеннай вялікай дарозе”, а 1-му батальёну з Вендэна – па праваму берагу ракі, праз Вангаш, Капель, Хензелгоф, Родэнпойе і Дзінгоф, а 2-му – з Юргенсбурга праз Ленвадэн. Усё гэта рабілася з мэтаю, каб войскі не сустракаліся з тымі, хто праязджае „па паштовай дарозе”33.
13 кастрычніка34 Валконскім былі ўнесены змены ў сакрэтныя маршруты ад 12 кастрычніка і складзена некалькі новых маршрутаў: Брэсцкаму пяхотнаму палку на пераход з г. Астроў у Краснае і яго наваколле; аднаму батальёну 30-га егерскага палка, са штабам – з Невеля ў Гарадок; 17-й батарэйнай роце – з Апочкі ў Себеж35. Такім чынам, бліжэй да граніцы перасоўваліся войскі другога эшалона.
Да 15 кастрычніка ўсе асноўныя прыгатаванні былі скончаны, і ваенны міністр прыступіў да рассылкі камандзірам карпусоў сакрэтнага загада імператара аб поўнай гатоўнасці войск да ваенных дзеянняў. 15 кастрычніка такія загады (разам з маршрутамі руху войскаў) былі адпраўлены Вітгенштэйну, Багавуту і Эсену, а 17 кастрычніка – Дохтураву і Баграціёну36.
У выпадку выступлення ў Прусію, Вітгенштэйн павінен быў паведаміць пра ўсё старэйшаму пасля сябе генерал-маёру Кахоўскаму37. Адначасова графу дасылаліся маршруты 14-й пяхотнай, 1-й кавалерыйскай дывізій і 14-й артылерыйскай брыгады. У момант пераправы цераз Нёман, ён павінен іх разаслаць палкам, і загадаць ім пасля атрымання неадкладна „выступіць і следаваць ў прызначаныя месцы”38.
Змест прадпісанняў іншым генералам быў аднолькавы ў агульнай частцы, і разыходзіўся толькі ў дэталях. У прыватнасці, Багавуту, пасля атрымання паведамлення аб пераходзе Нёмана Вітгенштэйнам, загадвалася „ў той жа час” наблізіць войскі яго корпуса – 4-ю і 1-ю пяхотныя дывізіі, 4-ю артылерыйскую брыгаду, Пскоўскі і Каргапольскі драгунскія палкі – да Вільні. Прыкадаліся маршруты палкам 1-й грэнадзерскай дывізіі і драгунскаму Пскоўскаму палку; астатнім – павінен даць сам Багавут. Елісаветграцкі і Ізюмскі гусарскія палкі, а таксама пантонную роту № 3, „па блізкасці да граніцы”, рэкамендавалася перасоўваць у апошнюю чаргу. Усе астатнія войскі корпуса павінны чакаць указанняў, а пасля іх атрымання – неадкладна выступаць і ісці па маршрутам, якія былі прыкладзены ў канверце за № 9. Гэты канверт дазвалялася распячатаць толькі ў выпадку атрымання ад Вітгенштэйна паведамлення аб уступленні яго ў Прусію39.
У сваю чаргу Эсен павінен „наблізіць” 3-ю пяхотную дывізію і яе артылерыйскую брыгаду да Гродна. Да іх, пры неабходнасці, далучаўся Ізюмскі гусарскі полк, раскватэраваны ў Вялікай Бераставіцы і Камянцы-Літоўску. 11-я пяхотная і 3-я кавалерыйская дывізіі і 11-я артылерыйская брыгада павінны ісці да Брэст-Літоўска і Кобрына. У такім становішчы яны павінны чакаць далейшых загадаў „да дзеяння”40.
Дохтураў і Баграціён павінны арганізаваць перадыслакацыю часцей да Ковеля і Дубна. Дохтураў адказваў за войскі 24-й і 7-й пяхотных дывізій, Харкаўскага, Чарнігаўскага драгунскіх, Ахтырскага гусарскага і Літоўскага уланскага палкоў і коннай № 7 роты 2-й рэзервовай артылерыйскай брыгады41 (усе ў Дубна); а Баграціён – за палкі 2-й грэнадзерскай, 26-й пяхотнай дывізій з іх артылерыйскімі брыгадамі, 2-й кірасірскай і 4-й кавалерыйскай дывізій (акрамя Ахтырскага палка), а таксама за Татарскі уланскі полк і 3-ю рэзервовую артылерыйскую брыгаду (усе ў Луцк); за палкі 12-й і 18-й дывізій з іх артылерыйскімі брыгадамі, 5-й кавалерыйскай дывізіі і 4-ю рэзервовую артылерыйскую брыгаду (у Дубна)42. Дохтураву і Баграціёну раілася не рабіць ніях прадпісанняў аб падрыхтоўцы да пахода, каб пазбегнуць „заўчаснай дарэмнай трывогі”, а падтрымліваць іх у гатоўнасці „частымі аглядамі”.
Пасля атрымання адпаведнага загада, камандуючы Падольскай арміяй князь Баграціён запэўніў ваеннага міністра ў тым, што воля імператара будзе дакладна выканана. „...Что же касается до изготовления армии мне вверенной, – выхваляўся князь, – не имею никакой надобности ныне им повторить, ибо со вступления моего в командование предписано, как водится, по службе, с получения последнего повеления, тотчас выступить, так армия в готовности находится”. У той жа час, Баграціён паведамляў аб немагчымасці, у выпадку „экстранага руху”, „хутка сабраць” армію, паколькі яна размешчана „дужа шырока і ў трох губернях”43.
План „дыпламатычнага” забеспячэння аперацыі
Адначасова з падрыхтоўкай да ваенных дзеянняў супраць Княства Варшаўскага, расійскі ўрад працягваў зандзіраванне глебы, з намерам перацягнуць палякаў на свой бок. У сувязі з гэтым асобую цікавасць уяўляе „авантурны” праект графа Віта.
У кастрычніку 1811 г. князь Баграціён – нязменны прыхільнік наступальнай вайны супраць Княства Варшаўскага – прапанаваў план „нейтралізацыі” Княства Варшаўскага ў будучай барацьбе з Францыяй. 19 кастрычніка князь паведаміў ваеннаму міністру пра сустрэчу са сваім агентам – адстаўным палкоўнікам графам Вітам44. І хаця князь не вельмі добра адзываўся пра гэтага разведчыка, тым не менш, прапанова Віта зацікавіла князя. Граф абяцаў наладзіць канал сувязі, з дапамогай якога можна было атрымліваць звесткі пра падзеі не толькі ў Варшаве, але і ў „кабінеце самаго Напалеона”. Інфармацыя павінна паступаць ад мадам Вабан, якая пражывала ў Варшаве. Граф быў з ёй у блізкіх адносінах, а таму спадзяваўся з лёгкасцю схіліць яе да супрацоўніцтва з рускімі. Гэтая жанчына характарызавалася Баграціёнам, які трохі ведаў яе, як „хітрая, разумная і інтрыганка”. Але самае галоўнае, што яна пастаянна знаходзілася пры князі Ю. Панятоўскім. Князь быў прывязаны да гэтай жанчыны, і ва ўсім ёй давяраў. Без яе парады, па словах графа Віта, Панятоўскі нічога не прадпрымаў ні ў ваеннай галіне, ні ў цывільных справах. „Словам... яна сапраўдны яго сябр і абсалютны для яго закон”, – рэзюміраваў Баграціён.
На думку Віта, спадарыня Вабан разумела, што Княства Варшаўскае – „адна мара”, а таму „ахвотна пажадае пераканаць і князя Панятоўскага прытрымлівацца правільнага і надзейнага боку”. Усё гэта граф абяцаў наладзіць праз свайго знаёмага, італьянца, „сапраўднага ворага французскай нацыі”, які жыў у Вене. Гэты італьянец „меў вялікую сувязь і сяброўства” з мадам Вабан. Але граф Віт абяцаў правярнуць гэтую справу толькі ў выпадку, калі яго залічаць на расійскую ваенную службу.
Баграціён зразумеў, што Віт меў намер выкарыстаць яго ў сваіх мэтах, і прасіў ваеннага міністра падтрымаць „гульню”. Барклай павінен быў напісаць князю, што ён рады дапамагчы, але намер Віта такога плану, што „легче ему и удобнее произвести оное в действие, имея всю свободу отлучиться во всякое время куда угодно”. Калі Віт выканае свой план, ён будзе залічаны на ваенную службу45. Спакушаючы графа такім абяцаннем, Баграціён спадзяваўся, што Віт прыкладзе ўсе намаганні для выканання задуманага; і калі атрымаецца – будзе вялікая карысць.
Але, як пераканаўча сведчыў мінулы вопыт (правал місіі А. Чартарыйскага ў пачатку 1811 г.), усе гэтыя праекты па перацягванню варшавян на бок Расіі, былі толькі самападманам.
Зрыў аперацыі
На працягу кастрычніка 1811 г. расійскія войскі пастаянна падцягваліся да граніц. 29 кастрычніка было прынята рашэнне аб перадыслакацыі артылерыйскіх рот 1-й брыгады (з Пецярбурга) бліжэй да сваёй дывізіі. Таму Барклай дэ Толі прасіў Валконскага прызначыць ротам кватэры каля Смаленска і Віцебска, „каб не сціскаць занадта войскаў, раскватэраваных у Віцебскай і Мінскай губ., і разам з тым аблягчыць іх харчаванне”. Самым лепшым варыянтам ваенны міністр лічыў Пскоўскую губерню, „бліжэй да прамога тракту адсюль да Вільні”, пры ўмове што гэта не пацясніць іншых войскаў, і будзе для рот фураж46. 30 кастрычніка Валконскі прызначыў кватэры ў наступных месцах: батарэйнай роце № 1 – у м. Талачын; легкай № 1 – у Бабры; легкай № 2 – у Стараселлі, Магілёўскай губерні47; а 3 лістапада, па просьбе міністра, – склаў маршруты для гэтых рот48.
Такім чынам, да пачатку лістапада 1811 г. была закончана перадыслакацыя бліжэй да граніцы расійскіх войскаў 1-га эшалона. Адначасова падцягваліся войскі 2-га эшалона. 8 лістапада Валконскі ўнёс, па даручэнню міністра, папраўкі ў „дыслакацыйную ведамасць” і „кватэрную карту”, якія адбыліся ў кастрычніку 1811 г.49 Усё было падрыхтавана да ваенных дзеянняў.
Але далей выпрацоўкі аперацыйнага плана справа не пайшла. Фрыдрых Вільгельм III, які памятаў ўрокі 1806 г., ухіліўся ад ратыфікацыі ваеннай канвенцыі ад 5(17) кастрычніка 1811 г. Калі Аляксандар I праз пэўны час не атрымаў назад з Берліна канвенцыі з ратыфікацыяй, ён зразумеў, што ў прускага караля не хапіла мужнасці давесці да канца свой праект – паўстаць супраць Напалеона і пашукаць шчасця ў вайне. „Не допуская ещё полной измены Пруссии, – пісаў французскі даследчык А. Вандаль на гэты конт, – император сравнительно легко примирился с решением слабовольного короля, которое позволяло ему вернуться к избранному им плану, т.е. к плану оборонительной войны, на который он возлагал столько надежд”. Таму ён нічога не зрабіў, каб аказаць ціск на рашэнне Прусіі. Аляксандар I зноў, па вобразнаму выразу А. Вандаля, „застыл ў нерухомай позе”. А мы дадамо – толькі да лютага 1812 года...
Summary
Planning and preparation of the Russian-Prussian offensive against the Duchy of Warsaw in the autumn 1811
This article says about planning and preparation of the Russian – Prussian joint offensive operation against the Duchy of Warsaw from summer – to autumn of 1811. A lot of attention is given to the development of conditions in Russia’s participation in the operation that were formulated during the negotiations with Sharnhorst in Petersburg and were ratified in the military convention. The author also analyzes Russia’s military preparation for operations: the organization of military investigation in frontier provinces, concentration and redeployment of troops, operative plans. The author comes to the conclusion, that Russia was ready to begin military actions any minute, under the condition of a ratification of a convention, and actual formulation of a coalition. However, indecision of the Prussian king Frederic William III did not allow activating preventive impact.
Santrauka
Rusijos – Prūsijos puolimo operacijos prieš Varšuvos kunigaikštystę planavimas ir organizavimas 1811 m. rudenį
Straipsnyje aprašomas Rusijos – Prūsijos puolimo operacijos prieš Varšuvos kunigaikštystę planavimas ir organizavimas 1811 m. vasarą – rudenį. Nuodugniai aptariamos Rusijos dalyvavimo šioje operacijoje sąlygos, suformuluotos Šarnhorsto derybų metu Peterburge, o patvirtintos specialiu kariniu susitarimu (konvencija). Analizuojamas Rusijos karinis pasirengimas operacijai: karinės žvalgybos organizavimas pasienio gubernijose, kariuomenės telkimas ir perdislokavimas, operatyviniai planai. Straipsnio autorius daro išvadą, jog Rusija buvo pasirengusi pradėti karinius veiksmus bet kurią akimirką, jeigu būtų ratifikuotas karinis susitarimas ir faktiškai sukurta koalicija. Vis tik, Prūsijos karaliaus Fridricho Vilhelmo III neryžtingumas užkirto kelią prevenciniam išpuoliui.
Примечания
1. Внешняя политика России XIX и начала XX века. Документы Российского Министерства иностранных дел. Серия первая. 1801–1815 гг. (Далей – ВПР). Т. 6: 1811–1812 гг., Москва 1962. С. 709.
2. Отечественная война 1812 года. Материалы Военно-ученого архива (ВУА) Главного штаба. (Далей – Отечественная война 1812 года.). Отд. I. Переписка русских правительственных лиц и учреждений. Т. V. Подготовка к войне в 1811 г. (Сентябрь – октябрь месяцы). Санкт-Петербург, 1904. С. 64; Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (РДВГА). Ф. Ваенна-вучоны архіў (ВВА). Спр. 434. Арк. 50–51.
3. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 54; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 199. – Уся перапіска па падрыхтоўцы гэтай аперацыі ажыццяўлялася з захаваннем найвышэйшай сакрэтнасці, і вялася ўласна ваенным міністрам, кіраўніком кватэрмайстарскай часткай і камандзірамі карпусоў.
4. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 64; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 50–51.
5. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 77–78; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 23.
6. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 128–129; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 473–474.
7. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 142; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 487.
8. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 143; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 540–541.
9. 12 кастрычніка 1811 г. камандуючы Падольскай арміяй князь П. І. Баграціён паведаміў Барклаю дэ Толі аб тым, што ад генерала Д. С. Дохтурава атрымана копія пісьма да яго Эсена, з паведамленнем пра загад ад 14 верасня. Пры гэтым Баграціён пісаў: „Хаця я не маю папярэдніх пра тое звестак, але, у выкананне... прадпісаў я ген. ад інф. Дохтураву мець двухбаковую сувязь з ген.-лейт. Эсенам I, для ўзгаднення рухаў даручаных ім карпусоў”. Сувязь планавалася падтрымліваць праз сувязных афіцэраў. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 271–272; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 536–538.
10. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 132; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 506.
11. ВПР. Т. 6. С. 709.
12. Гл.: «Проект договора об оборонительном и наступательном союзе между Россией и Пруссией», не пазней 25.9(7.10).1811 г. // ВПР. Т. 6. С. 177–178.
13. Вандаль А. Сочинение в четырёх томах. Наполеон и Александр I. Т. IV. Разрыв франко-русского союза. Ростов на Дону, 1995. С. 268–269.
14. Вандаль А. Указ. сач. Т. IV. С. 269; ВПР. Т. 6. С. 710. – Верагодна, што пры распрацоўцы плана восеньскай аперацыі Шарнхорстам улічваліся прапановы, выказаныя адстаўным палкоўнікам веймарскай службы і камергерам Рюлем фон Ліліенштэрнам. – Гл.: Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. VI. Подготовка к войне в 1811 г. (Ноябрь месяц). Санкт-Петербург, 1905. С. 273; Тамсама. Т. VII. Подготовка к войне в 1811 г. (Декабрь месяц. Документы без дат). Санкт-Петербург, 1907. С. 95–96.
15. 28 верасня (10 кастрычніка) 1811 г., на другой аўдыенцыі, Аляксандр I зачытаў Шарнхорсту і Шолеру праект расійска-прускага дагавора аб абарончым і наступальным саюзе паміж гэтымі краінамі. Адначасова гэты праект быў накіраваны Х. А. Лівену для абмеркавання непасрэдна ў Берліне. Але ідэя абарончага саюзу не была падтрымана Фрыдрыхам Вільгельмам III. – Тэксты праектаў гл.: ВПР. Т. 6. С. 177–178, 179–180.
16. Вандаль А. Указ. сач. Т. IV. С. 269–270.
17. Тамсама. Т. IV. С. 270.
18. Згодна Вандалю, кожны артыкул гэтай канвенцыі зацвярджаўся толькі пасля „доўгіх размоў” у час шэрагу пасяджэнняў з ваенным міністрам і канцлерам. Шарнхорст настойваў на тым, каб расійскія войскі, калі дазволяць абставіны, пераправіліся цераз Віслу, але адносна гэтага пункту Аляксандр I не прыняў на сябе станоўчых абавязкаў. У прыватнасці, імператар выкрэсліў з канвенцыі артыкул, па якому ён павінен быў прасунуць да Сілезіі частку сваіх войскаў. Акрамя таго, каб рускія смаглі хутчэй перайсці Віслу, Шарнхорст прасіў аддаць войскам загадзя загады выступіць у Княства Варшаўскае і Германію, як толькі прускія ўлады запросяць дапамогі. – Тамсама. Т. IV. С. 271.
19. Мартенс Ф. Собрание трактатов и конвенций, заключенных Россиею с иностранными державами. Т. VII. Санкт-Петербург, 1885. С. 24–37; ВПР. Т. 6. С. 197–201.
20. ВПР. Т. 6. С. 709–710.
21. ВПР. Т. 6. С. 197–201; Вандаль. Указ. сач. Т. IV. С. 271–272.
22. Па загаду Вітгенштэйна Казачкоўскі неадкладна накіраваўся з Гольдзінгена ў Расіёны, „пад выглядам адбору людзей у гвардыю”. Неабходную інфармацыю ён пераправерыў з дапамогай ковенскага паліцмайстара, які ”па шлюбу меў вялікую сувязь з палякамі” і на граніцы. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 126; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 29.
23. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 233–234; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 33. – Пасля пераправеркі гэтых звестак, Вітгенштэйн адправіў ваеннаму міністру данясенне аналагічнага зместу. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. VI. С. 1; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 607.
24. Гл.: Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 328–329; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 543–544.
25. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 246–247; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 509–510. – Тое ж самае Баграціён пісаў і 12 кастрычніка. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 272.
26. 8 кастрычніка аб перадыслакацыі войскаў 5-й дывізіі і штаба 1-га корпуса ваенны міністр паведаміў генералу П. М. Валконскаму „для звестак”. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 251.
27. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 249–251; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 35–36.
28. Тамсама. Грошы былі высланы 10 кастрычніка.
29. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 259; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 41. – 13 кастрычніка генерал-маёр Казачкоўскі паведаміў графу, што зводныя грэнадзерскія батальёны 5-й пяхотнай дывізіі зведзены і кватэруюць: батальён 1-й брыгады (камандзір – маёр 23-га егерскага палка Цялегін) – у м. Экаў Курляндскай губ.; 2-й брыгады (камандзір – маёр Магілёўскага пяхотнага палка Урангель) – у м. Грудзе Віленскай губ. Акрамя таго, былі вызначаны месцы для лячэння хворых і харчавання гэтых войскаў. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 280; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 39. – 17 кастрычніка Вітгенштэйн паведаміў аб гэтым міністру.
30. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 270; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 503.
31. Атрымана 15 кастрычніка. – Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 268–270; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 43–44.
32. Тамсама.
33. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 270–271; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 153. – Акрамя таго, Валконскі павінен быў падрыхтаваць маршруты для запасных эскадронаў, якім прызначаліся асобныя кватэры. Мэта перадыслакацыі – фарміраванне ва Усвяце Астраханскага кірасірскага, і ў Піряціне (Палтаўская губ.) – Наўгародскага кірасірскага палкоў. – Гл.: Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 285–286; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 156–157.
34. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 282; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 161.
35. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 271; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 154.
36. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 302–304, 313–315; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 54–58, 59–63. – Усе гэтыя пакеты былі атрыманы асабіста камандуючымі.
37. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 288; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 3515. Арк. 47.
38. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 304; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 58.
39. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 302–303; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 54–55. – Багавуту раілася не ўступаць ні з кім з карпусных камандзіраў у перапіску.
40. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 303–304; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 56–57.
41. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 314; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 60.
42. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 315; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 62.
43. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 316; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 434. Арк. 48–49.
44. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 320–321; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 435. Арк. 629–632. – Характарыстыка Віта, якую даў яму Баграціён: „Сколько я его знаю, он лжец и самый не основательный человек; но жена его, как умная и хорошая женщина, управляет его поступками так, чтобы не лишился он доверенности у вас (Барклая де Толли – А.Л.), равно и в герцогстве Варшавском не потерял хорошего о себе мнения. По моему замечанию, кажется что он двуличка; еще не дурно б было, когда справедливо обо всем нас извещал и показания это со стороны их были бы верными. Я сидел с ним глаз на глаз довольно долго и всячески выспрашивал, каким образом знает он все обстоятельства тамошнего края и по какой связи так часто туда ездит? На сие отвечал он мне, что имеет там много дела по домашним оборотам и при том тесную связь с многими особами, да и будто о каждом отъезде его известно и вам”.
45. Тамсама.
46. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. V. С. 341; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 166.
47. Тамсама.
48. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. VI. С. 218; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 167.
49. Отечественная война 1812 года. Отд. I. Т. VI. С. 238, 239; РДВГА. Ф. ВВА. Спр. 363. Арк. 176, 46.