У Пружанах прайшлі ДАЖЫНКІ-2003
Матэрыял «Газеты Слонімскай», № 331 ад 9 кастрычніка 2003 года
4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведаў Пружаны, дзе ўзяў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2003».
Ён асабіста павіншаваў і ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, якія занялі першыя месцы. Ганаровы дыплом і ключы ад легкавых аўтамабіляў прэзідэнт уручыў трынаццаці камбайнерам, якія дабіліся найлепшых паказчыкаў падчас уборкі збожжа і зернебабовых.
Ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі адзначаны перадавыя раёны і вобласці. У Брэсцкай вобласці званне пераможцы, таксама як і права стаць месцам правядзення фестывалю, заваяваў Пружанскі раён. Сярод абласцей лідарам названа Гродзеншчына. Сёлета хлебаробы Брэсцкага раёна першымі завяршылі ўборку збожжа ў краіне - яны сабралі больш за 31 цэнтнер збожжа з гектара.
Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджаны таксама пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Дыпломамі і грашовымі прэміямі ў суме ад 10 да 40 мільёнаў рублёў уганараваны механізаваныя кармазборныя атрады з розных рэгіёнаў краіны, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, прадстаўнікі раёнаў і абласцей.
Шасці найлепшым камбайнерам - нарыхтоўшчыкам кармоў падараваны легкавыя аўтамабілі. Беларускі лідар уручыў Пружанскаму аграрна-тэхнічнаму каледжу новую тэхніку - збожжазборны камбайн і трактар.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт майстроў мастацтва і самадзейных творчых калектываў. Удзел у ім узялі вядомыя выканаўцы: Надзея Бабкіна, Мікалай Гнацюк, Анатоль Ярмоленка.
Андрэй СЕРАДА «Газета Слонімская»