Br
Брестчина
Производит · Предлагает · Приглашает
Брестчина: люди, места, экономика и наследие
Путеводитель по западному региону Беларуси

Талент, аддадзены Радзіме

Артыкул аб Напалеоне Ордзе

Напалеон Орда на шматлікіх сваіх малюнках адлюстраваў непаўторную жывапісную панараму Беларусі з яе прыгожымі архітэктурна-ландшафтнымі краявідамі, творамі дойлідства - гарадской, местачковай і вясковай забудовай, храмамі і палацамі. Мастацкая спадчына Орды ўяўляе сабой абагульнены вобраз Радзімы, ілюстраваную энцыклапедыю матэрыяльнай культуры.

Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 г. у радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер веска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхаіла Орды.

Атрымаўшы пачатковую адукацыю дома ад бацькоў, Орда далейшую вучобу працягваў у Свіслацкай гімназіі, якую паспяхова скончыў ў 1823 г.

У тыя часы буйнейшым адукацыйным цэнтрам, асяродкам вольнай дэмакратычнай думкі з'яўляўся славуты Віленскі універсітэт, куды адразу пасля гімназіі паступае Орда на фізіка-матэматычны факультэт. Навучанне давалася легка, выкладчыкі адзначалі яго выдатныя здольнасці. Але універсітэт здольны студэнт не скончыў - у 1827 г. быў адлічаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства «Заране», члены якога марылі аб незалежнасці Рэчы Паспалітай, і тым самым падзяліў лес з Адамам Міцкевічам, Томашам Занам, Янам Начетам, Ігнатам Дамейкам. Пасля арышту i 15-месячнага турэмнага зняволення вяртаецца ў родныя Варацэвічы, але застаецца пад наглядам паліцыі і самастойна завяршае сваю адукацыю.

Сфарміраваная ва універсітэце рэвалюцыйна-вызваленчая палітычная арыентацыя Орды да аднаўлення Рэчы Паспалітай рэалізавалася ў час паўстання 1830-1831 гг. Ён прымае ў ім актыўны ўдзел як стралок чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Каралеўстве Польскім і нават вызначаецца ў бітве пад Коцкем і атрымлівае вышэйшую ўзнагароду - ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) i чын капітана паўстанцкай арміі. Пасля падаўлення паўстання ў 1831 г. вымушаны эмігрыраваць і накіроўваецца праз Аўстрыю і Швейцарыю ў Італію. У 1833 г. пераязджае ў Парыж - тагачасны цэнтр рэвалюцыйна-дэмакратычнай эміграцыі.

Атмасфера Парыжа з яго бурлівым культурным жыццём, мастацкай і навуковай багемай паўплывала на развіццё шматбаковых здольнасцей творчай натуры Напалеона Орды, які ўжо вызначыў для сябе прафесійную цікавасць і арыентацыю да музыкі і жывапісу. Музычнае майстэрства ўдасканальваў у Фрэдэрыка Шапэна. Яго музычныя творы (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі) былі ўхвалены Ф. Шапэнам, Ф. Лістам і С. Манюшкам. Н. Орда ствараў рамансы і песні, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў» (1838), «Граматыку музыкі» (Варшава, 1873). У сярэдзіне 1840-х гг. быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны, у 1856 г. выдаў польска-французскі падручнік. У 1839 г. Н. Орда прыняты членам Польскага гістарычна-літаратурнага таварыства.

У Парыжы Орда атрымоўвае мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажа П'ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Сферай яго мастацкай зацікаўленасці становіцца археалогія і архітэктура. Малюнак для Орды з'яўляецца не толькі творам мастацтва, але і гістарычным дакументам, у якім фіксуюцца каштоўныя архітэктурныя помнікі. Таму свае малюнкі суправаджае гістарычнай анатацыяй, імкнецца зафіксаваць уладальнікаў сядзіб і палацаў, прыналежнасць культавых будынкаў, гады будаўніцтва, фундацыі і інш.

У 1856 г. пасля абвяшчэння царскім урадам амністыі палітычным эмігрантам, Напалеон Орда ў 49-гадовым узросце вяртаецца ў родныя Варацэвічы. У 1862-1863 гг. жыве ў Гродне, потым на некаторы час пасяляецца ў Пінску. Каб забяспечыць сваё матэрыяльнае становішча, працуе хатнім настаўнікам музыкі ў генерала Адама Ржавускага на Валыні.

У вольныя ад працы месяцы Н. Орда шмат падарожнічае па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з'явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі.

Для сваёй творчасці Н. Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэта тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Краязнаўцам быў выбраны адзіны фармат паперы (даўжыня каля 30 см), наклеенай на планшэтку.

Асаблівую ўвагу Орда надае адлюстраванню на сваіх малюнках шэрагу сядзіб і памятных мясцін, якія звязаны з імёнамі славутых дзеячоў культуры: A. Міцкевіча (сядзібы ў Завоссі, Туганавічах), М. Агінскага (палац у Рэтавасе на Літве), С. Манюшкі (сядзіба ў в. Убель), I. Ходзькі (сядзіба ў в. Дзевятня на Літве), У. Сыракомлі (сядзіба ў Смольгаве), А. Плуга (сядзіба ў в. Жукаў Барок) і інш.

Двойчы ў 1860 г. замаляваў Орда і месца свайго нараджэння, родную сядзібу Варацэвічы. На малюнках адлюстраваны аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны дом на дзве палавіны, з традыцыйным чатырохкалонным порцікам-ганкам па цэнтры франтальнага фасада, невялікай мансардай над ім. Перад домам парадны двор, за ім пейзажны парк. Такая сядзіба дробнапамеснага шляхціца была тыповай i найбольш распаўсюджанай на Беларусі.

Серыя малюнкаў Н. Орды з'яўляецца абагульненай ілюстрацыяй беларускай вёскі сярэдзіны XIX ст., на якой народнае драўлянае дойлідства перададзена мастаком з вялікай трапнасцю і захаваннем нацыянальнага каларыту. Перад намі паўстаюць маляўніча раскінутыя ўздоўж рэк і азёр беларускія паселішчы з хатамі, накрытымі саламянымі стрэхамі, з драўлянымі храмамі і званіцамі, млынамі і ветракамі, калодзежамі-жураўлямі і іншымі вясковымі збудаваннямі.

Але найбольш шырока ў творчасці мастака прадстаўлена гарадская архітэктура (больш за 30 малюнкаў). Па шэрагу гарадоў створана шырокая панарама шматстылёвай мураванай забудовы XIX ст. У гэтай серыі малюнкі гарадоў Гродна, Віцебска, Мінска, Магілёва, Полацка, Пінска, Навагрудка, Нясвіжа, Турава, Свіслачы і інш. На малюнках Орда амаль ніколі не абагульняў гарадскую забудову - кожны будынак надзелены вызначанай індывідуальнай характарыстыкай, вулічныя панарамы пададзены з вострых ракурсаў з вылучэннем архітэктурных дамінант.

3 асаблівым замілаваннем перад сівой мінуўшчынай Орда замалёўвае старажытныя замкі, многія з якіх ужо у той час ляжалі ў руінах. На двух малюнках зафіксаваны сусветна вядомы помнік абарончнага дойлідства - Камянецкая вежа у сваім першапачатковым выглядзе без пазнейшай рэстаўрацыі і атынкоўкі. 3 рамантычнай настальгіяй мастак адлюстроўвае Стары і Новы замкі ў Гродна, замкавую рэзідэнцыю Ільінічаў у Міры.

3 эстэтычным пачуццём і некаторым рамантызмам замалёўвае Орда шматлікія магнацкія палацы і шляхецкія сядзібы з іх знешнім лоскам, раскошай і рэпрэзентацыйнасцю. Зацікаўленае дахіленне мастака да старасвецкіх маёнткаў тлумачыцца і тым, што яны з'яўляліся ў свой час культурнымі асяродкамі са шматлікімі зборамі твораў мастацтва, кнігазборамі, архіўнымі сховішчамі, археалагічнымі і зброевымі калекцыямі.

Серыя малюнкаў Орды ахоплівае шырокі арэал культавай архітэктуры Беларусі ад глыбокай старажытнасці да сярэдзіны XIX ст., ад магутных касцельных манументаў у Нясвіжы, Гродне, Віцебску да сціплых вясковых драўляных храмаў і каплічак у Бездзежы, Беражніцы, Брашэвічах, Моладаве, Анопалі.

Свае малюнкі Н. Орда сістэматызаваў і расклаў па папках, у якіх сабраны творы за перыяд 1840-1880 гг. Беларускі матэрыял змешчаны ў папках па Гродзенскай губерні (1860-1877 гг., 144 планшэты), Мінскай губерні (1864-1876 гг., 64 планшэты), Віцебскай губерні (1875-1876 гг., 35 планшэтаў), Віленскай губерні (1875-1877 гг., 50 планшэтаў), Магілёўскай губерні (1877 г., 15 планшэтаў).

3 1873 г. Напалеон Орда распачаў выданне ўласным коштам «Альбома відаў гістарычных польскіх» («Album Widokow Historycznych Polski»). Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфій у васьмі серыях (каля 120 па беларускіх губернях), гравіраваных на камені Алаізам Місеровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве. Прычынамі няпоўнага выдання з'явіліся недахоп фінансавых сродкаў у збяднелага роду Ордаў і перашкоды, якія рабіла цэнзура.

Большасць малюнкаў Орды (977 планшэтаў) знаходзіцца ў Народным музеі ў Кракаве, куды яны трапілі ў 1886 г. як ахвяраванне родных памёршага мастака (1883). Частка малюнкаў маецца ў Народным музеі ў Варшаве, альбом акварэляў захоўваецца ў бібліятэцы імя В. Стэфаніка ў Львове. Вялікая калекцыя літаграфій з малюнкаў Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Малюнкі Н. Орды з'яўляюцца не толькі мастацка значнымі творамі, але і каштоўнай крыніцай па гісторыі архітэктуры Беларусі. Дзякуючы гэтым малюнкам мы і цяпер уяўляем, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, што знішчыліся або непазнавальна змяніліся. Няма ўжо цудоўных старасвецкіх сядзіб і палацаў у Моладаве, Асвеі, Беніцы, Варончы, Закозелі, Дзярэчыне, Лагойску, Дубаі, зруйнаваны кляштары і касцёлы - шэдэўры архітэктуры барока. Беларусь у малюнках Напалеона Орды паўстае як фенікс з попелу, вырастае светлымі абрысамі архітэктурных святыняў.

Жыццё і творчая дзейнасць Напалеона Орды - яскравая старонка гісторыі нацыянальнай культуры. Сціпласць і бескарыслівасць, разнастайнасць высакародных інтарэсаў, незвычайная шматгранная таленавітасць, няспынная цікавасць да лёсу роднага краю - усё гэта якасці чалавечай постаці буйнога асветніка і мысліцеля Беларусі XIX ст. I толькі на рубяжы XXI ст. мы пачынаем усведамляць, чаго варты наш суайчыннік Напалеон Орда. У 1997 г. у г. Іванава яму ўстаноўлены помнік, выкананы скульптарам I. Голубевым.

А. М. Кулагін