№ 46
13 ноября 2003 г.
Марыя ЮРКО
Сэрца лечыцца ў людзях
В НОМЕРЕ:


Не сакрэт, што выбаршчыкi не заўседы ведаюць у твар сваiх дэпутатаў у мясцовых Саветах, бо часам бачаць iх толькi ў ходзе выбарчай кампанii. А ў некаторых выпадках, нават iдучы галасаваць, не ведаюць, за каго, i толькi на выбарчым участку ўпершыню бачаць на фотаздымку таго, хто iмкнецца стаць народным выбраннiкам. Таму i даверу ў людзей да такiх выбраннiкаў няма, а ў выпадку нейкiх жыццевых праблем грамадзяне звяртаюцца са скаргамi i заявамi ў розныя iнстанцыi, а не да дэпутатаў.
Выбаршчыкам Любанскай выбарчай акругi Лунiнецкага раена ў гэтым сэнсе пашанцавала: чалавек, якому яны аддалi свае галасы на мiнулых выбарах у раенны Савет, апраўдвае аказаны яму давер. Чалавек гэты — Сцяпан Паўлавiч Нефiдовiч, былы вясковы настаўнiк, якi 36 год адпрацаваў у Любанскай СШ, а пачынаў свой працоўны шлях паляводам мясцовага калгаса, учотчыкам, клубным работнiкам. Потым закончыў дзеннае аддзяленне Пiнскага педвучылiшча i завочна — фiлалагiчны факультэт Белдзяржунiверсiтэта. Ужо некалькi год знаходзiцца на заслужаным адпачынку. Добра ведаючы яго, папрасiла падзялiцца ўражаннямi ад дэпутацкай дзейнасцi. Пачалася наша размова з пытання аб тым, што падштурхнула Сцяпана Паўлавiча да ўдзелу ў выбарах?
Мне прапанавалi выставiць сваю кандыдатуру з рэспублiканскага Таварыства беларускай мовы, сябрам якога з`яўляюся. Маўляў, будзе хоць адзiн дэпутат не толькi дзелавы, але i носьбiт беларускай мовы ў дэпутацкiм асяроддзi. Я адмовiўся, матывуючы тым, што i без таго з`яўляюся яе носьбiтам, размаўляю па-беларуску, увесь прасякнуты беларускай мовай. Потым на мяне выйшлi прадстаўнiкi дэмакратычных сiл, i я згадзiўся пры ўмове, што калi па маей участковай выбарчай акрузе будзе балатавацца яшчэ якi паважаны чалавек, здыму сваю кандыдатуру. Але за тыдзень да канца рэгiстрацыi iншых кандыдатур не было. Члены групы падтрымкi за 3 днi сабралi за мяне 100 подпiсаў. I калi ўжо мяне зарэгiстравалi, лiтаральна за 2 днi да заканчэння тэрмiну рэгiстрацыi калектыў мясцовага калгаса «Новае Палессе» вылучыў яшчэ аднаго кандыдата — дырэктара размешчанай у суседняй весцы нафтабазы. Я паважаю гэтага чалавека, але кандыдатуру сваю не зняў: шкада было работы членаў iнiцыятыўнай групы, якiя збiралi подпiсы за мяне. Да таго ж, вакол майго прозвiшча пачалiся ўсялякiя брудныя iнтрыгi, таму вырашыў iсцi да канца i ў першым туры галасавання быў абраны дэпутатам. За мяне прагаласавала каля 70% выбаршчыкаў. Цiкавай была сама працэдура выбараў. Мне тэлефанавалi i расказвалi, што ўсюды ходзяць агiтатары i нахабна кажуць людзям: толькi ж за Нефiдовiча не галасуйце, а то з работы здымем. Такая брудная работа iшла i непасрэдна ў дзень галасавання. Людзям казалi: навошта вам пенсiянер, дырэктар нафтабазы хоць гаручае калгасу дасць. Людзi званiлi мне, расказвалi пра многiя iншыя парушэннi. Але я верыў у сваiх выбаршчыкаў, многiя з iх — мае былыя вучнi, iншыя не раз звярталiся да мяне за рознымi парадамi, дапамогай. I вось ужо 8 месяцаў з`яўляюся дэпутатам Лунiнецкага раеннага Савета.
Якiя ў Вас уражаннi ад дэпутацкай работы, як спраўдзiлiся спадзяваннi на дэпутацкiя паўнамоцтвы?
Самае непрыемнае ў гэтай рабоце тое, што ў нас бедны бюджэт. Уносiш нейкую прапанову цi просьбу, а табе тут жа адказваюць: няма грошай. Напрыклад, дах Любанскага Дома культуры ў дажджлiвае надвор`е моцна цячэ, сцены мокрыя, бiблiятэка пацякла, усе гнiе, будынак i кнiгi трэба ратаваць, а грошай на рамонт даху няма. Да таго ж, Дом культуры зiмой не ацяпляецца — кацёл трэба паставiць. Аддзел культуры райвыканкама, куды я звяртаўся з гэтымi праблемамi, толькi абяцае, ды нiчога не робiць: i iм грошай не даюць. А вось з аддзелам адукацыi па некаторых дэпутацкiх запытах удалося дамовiцца. У невялiчкай весцы Перунова, напрыклад, не было дзiцячага садка. Я прасiў наладзiць падвоз дзетак аўтобусам у суседнюю Любань, але знайшлi лепшае выйсце: адкрылi дзiцячы садок пры Перуноўскай базавай школе. Удалося выканаць i некаторыя iншыя просьбы. Неўзабаве пасля выбараў да мяне звярнулiся члены ўсей Любанскай брыгады i папрасiлi дапамагчы вярнуь iм ва ўрочышчы «Пуцiшча» зямлю, якая па непаразуменню некалькi год назад была перададзена ў карыстанне суседняму калгасу. Я накiраваў запыт па гэтаму пытанню ў райсавет, райвыканкам, абгрунтаваў справядлiвасць просьбы людзей, i зямлю iм вярнулi. Папрасiлi выбаршчыкi i аб тым, каб ў весцы Лахва адкрылi магазiн па продажу гаручага для насельнiцтва (ён калiсьцi там быў). Многiя маюць мапеды, бензапiлы, iншую бытавую тэхнiку, а ездзiць з канiстрамi цягнiком цi аўтобусам у раённы цэнтр па гаручае i нязручна, i небяспечна. З гэтым запытам я звярнуўся да старшынi аблвыканкама Васiля Далгалева. Нядаўна атрымаў адказ з РУН па забеспячэнню нафтапрадуктамi «Брэстаблнафтапрадукт» аб тым, што на аўтамабiльнай дарозе Брэст - Гомель на перакрыжаваннi ў бок Лахвы будзе пабудавана мiнiзапраўка па продажу бензiну АИ-92, АИ-76 i дызельнага палiва. Абсталяванне для яе ўжо набыта, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. Афармляюцца матэрыялы па адводу зямельнага ўчастка, i селета пачнецца будаўнiцтва. Неаднойчы даводзiлася быць пасрэднiкам памiж людзьмi i службовымi асобамi ў вырашэннi iншых пытанняў: выдзяленнi сотак, сена, афармленнi пенсiй, вырашэннi нейкiх канфлiктных сiтуацый з суседзямi i г.д. Зрэшты, з падобнымi просьбамi да мяне iшлi i раней, калi не быў дэпутатам. Летам мяне яшчэ i старастам вёскi абралi, абавязкаў дабавiлася. Цяпер хвалююць праблемы добраўпарадкавання i асвятлення весак. Але вырашыць iх цяжка — у мясцовым бюджэце няма грошай на гэта. Быццам паабяцалi знайсцi крыху сродкаў на асвятленне вулiц. А з астатнiм трэба чакаць.
Вы не шкадуеце, што ўзялi на сябе такую ношу?
Для асабiстага здароўя карысней, калi, забыўшыся пра свой унутраны стан, знаходзiшся сярод людзей, жывеш iх клопатамi. Сэрца пенсiянера, якое ные ў пасцелi, лечыцца на людзях.
Моцнага Вам здароўя i поспехаў у дэпутацкай дзейнасцi.

Гутарыла Марыя ЮРКО
Экономика , Интервью
РАЗДЕЛЫ
РУБРИКИ

РЕКЛАМА:

Яндекс.Метрика