Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “З ВАРАГ У ГРЭКІ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “З ВАРАГ У ГРЭКІ”

Брэст – Булькова – Навасады – Пятровічы – Непакойчыцы – Здзітава

Акрамя сухапутных і чыгуначных шляхоў, што перасякаюць Жабінкаўшчыну, здавён галоўнай блакітнай артэрыяй краю з’яўляўся Мухавец. Таму гэты маршрут можа стаць камбінаваным, водна-сухапутным, з абавязковым наведваннем цікавых прыродных і гістарычных мясцін раёна. Турыстам будзе прыемна атрымаць асалоду ад воднага падарожжа па даволі шырокай рацэ, пачынаючы сваю вандроўку ад самога Брэста. Ужо хутка водны шлях данясе іх да земляў Жабінкаўшчыны.

Першым прыпынкам можа стаць Булькова, а праз Навасады можна даплыць да Пятровічаў, апетых у 1870 годзе чараўнічымі акварэлямі Напалеона Орды.

Непадалёку месціцца біялагічны заказнік “Непакойчыцы”, размешчаны ўздоўж Мухаўца ў выглядзе двух тэрытарыяльна разнастайных сектараў. Заказнік быў створаны на землях Пятровіцкага лясніцтва Кобрынскага лясгаса ў 1995 г. для захавання рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фауны, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і тыповых палескіх краявідаў.

На тэрыторыі “Непакойчыцаў” адзначаны месцы росту рэдкіх і знікаючых раслін – сальвініі плаваючай, касаціка сібірскага, гваздзіка картузіянскага, і жывёл – соні арэшнікавай, чайкі серабрыстай, лебедзя-шыпуна, рэмеза звычайнага, чарапахі балотнай, красоткі бліскучай і махаона. У заказніку расце больш за паўсотні відаў лекавых раслін. Ягоны рэжым не выключае выкарыстання тэрыторыі для ашчадных форм прыродакарыстання: спартыўнага палявання і рыбалкі, збору ягад, грыбоў і адпачынку.

Падарожжа можа стаць яшчэ больш прывабным, калі скарыстаць магчымасці агратурызму, што дазваляе цудоўна бавіць час у экалагічна чыстым кутку Берасцейшчыны. Для гэтага можна патрапіць на сядзібу “Рачная”, якая размешчана на беразе Мухаўца ў вёсцы Здзітава. Гаспадар сядзібы Г.Ф. Турыцын, сам турыст з вялікім вопытам, заўсёды рады прапанаваць гасцям цудоўны віды адпачынку.

У рацэ водзіцца разнастайная рыба – ад ярша да сама, таму ў некалькіх метрах ад сядзібы добраахвотнікі ўладкавалі скамейку і часта сядзяць у спадзяванні на рыбацкую ўдачу. Для тых, хто жадае вялікага ўлова, да паслугаў ёсць рыбгас “Сакалова”, размешчаны ў 5 кіламетрах ад Здзітава.

На сядзібе “Рачная” маецца гаспадарчы дом з памяшканнямі для пражывання і адпачунку, фруктовым садам і банькаю. Побач – так званы “базавы лагер” з летнім дамком “Горны прыют “Манарага”, паляўнічая хатка “Над Сосьвай-ракой”, кастрышча ды мангал.

Пры адпачынку на “Рачной” падарожніку абавязкова прапануюць пешыя прагулкі па Здзітаўскім лесе і наваколлях, катанне на лодцы ці коннай фурманцы. Можна здзейсніць геалагічную вандроўку са зборам крэмняў (побач з вёскай) і бурштыну (у 5-20 кіламетрах ад Здзітава). Карысным будзе наведванне старажытнай Здзітаўскай царквы і музея “Вясковая хата” ў Залуззі, дзе можна паўдзельнічаць у сямейна-пабытовым абрадзе “Ухідчына” са спажываннем традыцыйнай беларускай кухні. Падарожнік можа абраць любы турыстычны маршрут, які дазволіць яму шырэй пазнаёміцца з гісторыяй і сучасным жыццём Жабінкаўшчыны.

Аднак найбольшую любоў Г.Ф. Турыцына выклікаюць распрацаваныя ім водныя маршруты з выкарыстаннем байдарак.

Першы маршрут, які пачынаецца ад сядзібы “Рачная”, ён назваў “З вараг у грэкі”, праклаўшы яго па цячэнні Мухаўца”, далей – у Прыпяць і Чорнае мора. Можна, канечне, абмежаваць сваё падарожжа усяго некалькімі кіламетрамі па блакітнаму паяску Мухаўца ці скіраваць байдаркі ў малыя рачулі, што ўпадаюць у раку, – Палахву, Трасцяніцу, Асіпоўку, Рыту. Усе яны па-свойму прывабныя.

Другі маршрут – з Белавежскай пушчы ў Брэст – уяўляецца значна больш складанным, паколькі праходзіць па хвалістай, хуткай і свавольнай рэчцы Лясной. Частка маршрута – асабліва ў раёне вёсак Радасць – Млыны можа падасца ў нечым падобным на сплаў па горнай рацэ, аднак цячэнне на Лясной не бурлівае, таму з кіраваннем байдаокай справіцца нават навічок.

Маршрут “З вараг у грэкі” дзейнічае і плануецца для ўсіх катэгорый турыстаў. Для тых, хто адпачывае абмежаваны час прапануецца адно-двухдзённыя паходы з начлегам у намёце ці без начлега, для любіцелей водных падарожжаў – прахаджэнне ўсяго маршрута з вяртаннем для адпачынка на сядзібу “Рачная”.

Яндекс.Метрика