ДАЖЫНКІ—2003 в Пружанах
«Газета Слонімская» № 331 ад 9 кастрычніка 2003 г.
У Пружанах прайшлі «ДАЖЫНКІ—2003» 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведаў Пружаны, дзе ўзяў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкi-2003». Ён асабіста павіншаваў і ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, якія занялі першыя месцы. Ганаровы дыплом і ключы ад легкавых аўтамабіляў прэзідэнт уручыў трынаццаці камбайнерам, якія дабіліся найлепшых паказчыкаў падчас уборкі збожжа і зернебабовых. Ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі адзначаны перадавыя раёны і вобласці. У Брэсцкай вобласці званне пераможцы, таксама як і права стаць месцам правядзення фестывалю, заваяваў Пружанскі раён. Сярод абласцей лідэрам названа Гродзеншчына. Сёлета хлебаробы Брэсцкага раёна першымі завяршылі ўборку збожжа ў краіне — яны сабралі больш за 31 цэнтнер збожжа з гектара. Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджаны таксама пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Дыпломамі і грашовымі прэміямі ў суме ад 10 да 40 мільёнаў рублёў уганараваны механізаваныя кармазборныя атрады з розных рэгіёнаў краіны, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, прадстаўнікі раёнаў і абласцей. Шасці найлепшым камбайнерам — нарыхтоўшчыкам кармоў падараваны легкавыя аўтамабілі. Беларускі лідэр уручыў Пружанскаму аграрна-тэхнічнаму каледжу новую тэхніку — збожжазборны камбайн і трактар. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт майстроў мастацтва і самадзейных творчых калектываў. Удзел у ім узялі вядомыя выканаўцы: Надзея Бабкіна, Мікалай Гнацюк, Анатоль Ярмоленка. Андрэй СЕРАДА |