Раённае спажывецкае таварыства 1939 г. стаў годам нараджэння Жабінкаўскага раённага спажывецкага таварыства. Далейшае яго развіццё адбываецца пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, калі ў жніўні 1944 г. ствараецца Жабінкаўскі райспажыўсаюз. У яго ўваходзіць пяць спажывецкіх таварыстваў: Жабінкаўскае, Якаўчыцкае, Стрыганецкае, Крыўлянскае і Азяцкае. У гэты час працуе 13 магазінаў, у тым ліку тры — у Жабінцы. Акрамя магазінаў у райцэнтры працуюць хлебапякарня, сталоўка і райкаапнарыхтпром. Першым старшынёй райспажыўсаюза быў А. А. Мацура, з 1951 г. — М. В. Карпач. Адчыняюцца раймаг, чайная і прадуктовы магазін па вул. Кірава ў райцэнтры, а таксама база нарыхтоўчай канторы. Развіваецца гандлёвае абслугоўванне на сяле: адкрываюцца магазіны ў Хмелеве, Федзькавічах, Рыкавічах... Пасля аднаўлення ў 1966 г. Жабінкаўскага раёна райспажыўсаюз узначаліў М. I. Канановіч. Зараз у склад Жабінкаўскага спажывецкага таварыства ўваходзяць чатыры самастойныя структурныя падраздзяленні: камбінат кааператыўнай прамысловасці, райкаапнарыхтпром, аб ’ яднанне грамадскага харчавання, кааператыўнае гандлёвае прадпрыемства «Вясёлка». У 92 магазінах гандлююць прамысловымі і прадуктовымі таварамі. У сістэме працуе 665 чалавек. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Жабінкаўскага раёна. Мінск, УРАДЖАЙ, 1999 г. Стар. 416-417. |