Мерачоўшчына
Меречевщина
Дом-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі
Dоm Tadeusza Kosciuzko Дом-усадьба Тадеуша Костюшко

Фальварак Мерачоўшчына вядомы з XVI ст. Ён уваходзіў некалі ў склад багатага комплексу Косаўскіх маёнткаў. Самыя старадаўнія крыніцы сведчаць, што ў 1494 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр Ягелончык падараваў Косава маршалку ВКЛ Яну Літавору Храптовічу, а ў 1510 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт 1 Стары пацвердзіў яго правы на Косава . 3 таго часу на працягу больш як 400 гадоў Косава заставалася прыватна-ўладальніцкім мястэчкам. Пасля Храптовічаў з 1510 па 1577 г. Косаўскі маёнтак перайшоў да князёў Сангушкаў-Кобрынскіх (Кашырскіх), якія прадалі мястэчка разам з фальваркам Мерачоўшчына брэсцкаму ваяводу Андрэю Ляшчынскаму. Пэўны час фальварак арандаваў драгічынскі староста Мікалай Кішка .
У 1611 г. Косава ад Ляшчынскіх перайшло да канцлера ВКЛ Льва Сапегі, які ў 1626 г. пабудаваў у ім драўляны касцёл, вучылішча і раскошны палац-крэпасць, які ў перыяд Паўночнай вайны быў поўнасцю разбураны. Паводле слоў мясцовых старажылаў, на месцы крэпасці цяпер размяшчаецца Косаўскі вучэбны камбінат.


Мерачоўшчына. Дом-сядзіба Андрэя Тадэвуша Касцюшкі. Малюнак М.Кулешы. 1845 г.


Мерачоўшчына. Дом-сядзіба Андрэя Тадэвуша Касцюшкі. Малюнак Кастрэўскага.

У 1-й палове XVIII ст. землі ў фальварку Мерачоўшчына ўзяў у арэнду бацька Андрэя Тадэвуша Касцюшкі — Людвік Касцюшка (1700-1758), мечнік Брэсцкага ваяводства, палкоўнік поўнай булавы войска ВКЛ. На той час уладальнікам Косаўскага ключа быў Ян Юзаф Сапега, які ў 1756 г. яшчэ раз пацвердзіў правы Людвіка Касцюшкі на арэнду зямлі.
Дакладна невядома, ці сядзібны дом у Мерачоўшчыне быў пабудаваны Людвікам, ці ён быў узведзены значна раней, прыкладна ў 1720 г., і быў здадзены Сапегамі ў арэнду бацьку Касцюшкі разам з фальваркам. Паводле
сцвярджэння шэрагу гісторыкаў і біёграфаў, у гэтым доме 4 лютага 1746 г. (па інш. меркаваннях 30 лістапада 1745 г.) нарадзіўся вялікі сын беларускага народа Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, будучы генерал, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. у Беларусі, Літве і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Злучаных Штатаў Амерыкі і Польшчы.
Самым першым малюнкам, які данёс да нас пачатковы выгляд радавога гнязда Касцюшкі, быў, безумоўна, малюнак, выкананы ўзімку 1845 г. мастаком Міхаілам Кулешам — выкладчыкам мастацтва ў розных навучальных установах ВКЛ, таленавітым збіральнікам, даследчыкам і інвентарызатарам гістарычных аб'ектаў даўніны. Ён у нейкім сэнсе быў папярэднікам знакамітага мастака Напалеона Орды.
Міхаіл Кулеша паказаў сядзібны дом Касцюшкі ў 2 відах: з боку пад'езда і ад парку, але захаваўся толькі малюнак з відам на цэнтральны фасад. Гэты малюнак быў упершыню прадстаўлены Кулешам у ілюстраваным альбоме «Зборы малюнкаў з натуры...» у 1852 г. Сядзібу абкружаў старадаўні пейзажны парк.
Паводле малюнка Кулешы, сядзібны дом Касцюшкі меў 1 паверх і вельмі высокі і характэрны для 1й паловы XVIII ст. двух'ярусны ламаны дах, з рысамі стылю барока, накрыты саломай альбо чаротавай страхой. Над страхой узвышаліся 2 сіметрычна размешчаныя коміны. Галоўны ўваход у сядзібу акцэнтаваны невялікім ганкам з дахам і шчытком на 4 слупах. Па абодва бакі ганка было па 2 акны.
Вядома, што пасля Сапегаў Косаўскі ключ набыў падскарбі ВКЛ Юрый Флемінг, які ў 1764 г. выкупіў Мерачоўшчыну ў маці Тадэвуша Касцюшкі - Тэклі Ратомскай за 54,5 тыс. злотых , а пазней падараваў Косава сваёй дачцэ Ізабеле, якая была замужам за князем Чартарыйскім.
Дачка Ізабелы Соф'я, жонка князя Замойскага, прадала Косаўскія фальваркі і мястэчка графу Войцеху Пуслоўскаму, герб «Шэліг», маршалку шляхты Слонімскага павета, паслу чатырохгадовага Варшаўскага сейма. Аднак асобныя крыніцы сведчаць, што набыццё графам Пуслоўскім косаўскіх земляў мела больш складаны характар.

Мерачоўшчына. План дома Тадэвуша Касцюшкі

Мерачоўшчына. Дом-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх. 3 літаграфічнага малюнка Напалеона Орды. 1871 г.
Паводле даследаванняў М.Балінскага і Т.Ліпінскага, пасля падаўлення паўстання 1794 г. Косаўскія маёнткі былі канфіскаваны ў Чартарыйскіх ці Замойскіх і перададзены імператрыцай Кацярынай II расійскай арыстакратыі, у прыватнасці генералу расійскай арміі Туталміну. Верагодна, ад генерала альбо ад яго спадкаемцаў Войцех Пуслоўскі ў 1821 г. адкупіў Косаўскі ключ .
У момант набыцця Войцехам Пуслоўскім Когаўскіх маёнткаў былы сядзібны дом Касцюшкі знаходзіўся ў вельмі занядбаным стане, але, дзякуючы дабрачыннасці, патрыятычным пачуццям і павазе да асобы Тадэвуша Касцюшкі, сын Войцеха Вандалін Пуслоўскі распачаў аднаўленне сядзібы. Рэстаўрацыя была закончана ў 1857 г. па праекце і пад кіраўніцтвам архітэктара Міхаіла Астрамецкага, выхаванца Варшаўскай рэальнай гімназіі, затым выпускніка Гаспадарчага інстытута.
Менавіта пасля рэстаўрацыі дома Касцюшкі, праз 26 гадоў пасля Міхаіла Кулешы, на Мерачоўшчыне ў 1871 г. пабываў Напалеон Орда і пакінуў нам у спадчыну малюнак адноўленай сядзібы на фоне ўзведзенага прздстаўнічага Косаўскага палаца.
Выгляд сядзібнага дома Касцюшкі на малюнку Орды меў значнае адрозненне ад малюнка Кулешы. Будынак ужо быў акцэнтаваны значна большым порцікім, які далёка выступаў ад цэнтральнага фасада. Абкружаны з 3 бакоў калонамі, порцік уяўляў сабой адкрытую летнюю веранду. Па баках ад порціка і на бакавых фасадах месцілася ўжо не па 2, а па 3 акны.
Пра пазнейшы выгляд дома даюць нам уяўленне фотакарткі пачатку XX ст. і міжваеннага перыяду, зробленыя пасля чарговай рэстаўрацыі гэтага мемарыяльнага будынка. Яны пацвярджаюць той яго від, які больш адпавядае малюнку Міхаіла Кулешы. Акон было па 2 ад фронту і па баках, дах значна ніжэйшы, але накрыты гонтай, а не саломай. Спрэчным застаецца пытанне пра колькасць унутраных пакояў. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што ў доме былі толькі 4 пакоі, іншыя, што - палац 2 - сядзібны дом Т.Касцюшкі не меней чым 10. У міжваенны перыяд польскія ўлады стварылі ў мемарыяльным доміку музей Касцюшкі, а ў пакоі, дзе паводле мясцовага падання нарадзіўся Касцюшка, была ўстаноўлена памятная дошка з датамі яго нараджэння і асноўнымі этапамі яго жыцця і дзейнасці.

Мерачоўшчына. Схема размяшчэння сядзібы

У гады 2-й сусветнай вайны дом Касцюшкі быў знішчаны.


Мерачоўшчына. Мемарыяльны знак генералу Андрэю Тадэвушу Касцюшку. Пастаўлены ў 1999 г.
Сядзіба мае мемарыяльнае значэнне. Пасля вайны рабіліся захады па яе рэканструкцыі. У 1980-1990-я гады архітэктарамі дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» выкананы генеральны план рэканструкцыі дома і аднаўлення Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. У 1999 г. каля падмуркаў колішняй сядзібы Тадэвуша Касцюшкі удзячнымі нашчадкамі пастаўлены памятны знак слыннаму ваяру за волю і дэмакратыю.

Семенов В.П. Географыческо-статистический словарь Россыйской имперыы. СПб., 1865. Т. 3. С. 738.
ДАРБ у г. Мінску. Ф. 1741. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 146-147.
Aftanazy R. Dzieje... S. 257.
Материалы для географии и статистики России. СПб., 1883.Ч. 2. С. 1070.
Balinski M., Lipinski T. Starozytna Polska. Warszawa, 1846. T.2 S. 695
Львоўскі нацыянальны архіў (збор фотаальбомаў). Tygodnik ilustrowany.. Т. 4. 1861, № 105. 8.121.
Архіў Кракаўскага нацыянальнага музея. Фотакопія з альбома Напалеона Орды. Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995. С. 181, 182.
Схему выканала архітэктар А.Лукша. Фота аўтара. 1999 г.