Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ЖАБІНКАЎСКІ “ЭКВАТАР”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ЖАБІНКАЎСКІ “ЭКВАТАР”

Булькова – Ракініца – Пятровічы – Федзькавічы – Рагозна – Ленінскі – Чыжэўшчына – Хадасы.

Гэты маршрут разлічаны на гасцей, якія не збіраюцца надоўга прыпыняцца на Жабінкаўшчыне, але, рухаючыся хуткаснай шашой Брэст – Мінск, усё ж маюць жаданне пазнаёміцца з прыкметнымі мясцінамі, што знаходзяцца блізу аўтастрады.

Самая дарога мае цікавую гісторыю. Заснаваная ў 1844-1846 гг. як Маскоўска-Варшаўская шаша, яна мела ў народзе назву “Варшаўка”. Сёння дарога амаль напалову перасякае тэрыторыю Жабінкаўскага раёна, па-ранейшаму адыгрываючы надзвычай важнае значэнне ў лёсе краю. Найбольш вядомая яе рэканструкцыя адбывалася ў 70-ыя гг. ХХ стагоддзя, напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Маскве, тады шасэ атрымала яшчэ адно імя, якое часам і цяпер прыгадваецца ў народзе – “Алімпійка”.

Пераадолеўшы мост праз Мухавец, падарожніку, які рухаецца з боку Брэста, будзе карысна трохі збочыць управа, каб наведаць Успенскую царкву ў вёсцы Булькова. Гэтае паселішча вядома з ХVІ ст. і звязана з заключным этапам Крупчыцкай бітвы 17 верасня 1794 г., з імёнамі К. Серакоўскага і А. Суворава. У 1812 г. у Булькове была заснавана першая ў нашым краі паштовая станцыя.

У суседняй Ракітніцы – даволі вялікім населеным пункце, які з’яўляецца цэнтрам сельсавета, месцяцца шэраг помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх – Курган Памяці, насыпаны ў 1967 г. для ўшанавання землякоў, якія пайшлі на фронт і склалі свае галовы на чужой зямлі. На вясковых могілках захоўваецца скромная магіла ахвяр фашызму, у якой пакояцца астанкі 36 мірных жыхароў, закатаваных увосень 1942 г.

Наступная вёска Пятровічы мае надзвычай цікавую, амаль 500-гадовую гісторыю. У ХІХ – пачатку ХХ стст. у ёй існавала адна з найлепшых паштовых станцый Беларусі. Фактычна дзень нараджэння пошты на Жабінкаўшчыне супадае з часам заснавання Пятровіцкай станцыі, на якой прыпыняліся многія слынныя асобы, у тым ліку мастак, кампазітар і педагог Напалеон Орда, двойчы маляваўшы Пятровічы – родавае гняздо сям’і Дзяконскіх. У самым цэнтры вёскі месцяцца велічныя Пятровіцкія дубы. Узрост кожнага з іх перавышае 550 гадоў. На тэрыторыі Пятровіцкага лясніцтва таксама растуць адзінкавыя на Жабінкаўшчыне экзатычныя пароды ліпы дробналіставай і сасны Веймутавай. За вёскай з 1974 г. стаіць невялічкі помнік на магіле ахвяр фашызму, расстраляных восенню 1942 г.

Далей падарожнік зноў павінен будзе вярнуцца на аўтастраду, каб працягнуць свай шлях у накірунку Федзькавічаў – радзімы А.А. Трафімука (1911-1999), акадэміка Расійскай акадэміі навук, Героя Сацыялістычнай Працы, геолага, якому пашчасціла стаць першаадкрывальнікам шматлікіх нафтавых і газавых сховішчаў. У вёсцы існуе прыгожы помнік воіну-вызваліцелю, уладкаваны ў памяць пра падзеі 18-21 ліпеня 1944 г., калі нашая зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі.

На Жабінкаўшчыне сёння пакрысе паўстае царква, знішчаная ў гады ліхалецця – у вёсцы Рагозна. Яе настаяцель Мікалай Міхалоўскі (1900-1943), закатаваны акупантамі за сувязь з партызанамі, застаўся ў памяці жыхароў раёна прыкладам самаахвярнага служэння Радзіме і веры.

У пасёлку Ленінскі, які наступным сустракаецца на шляху гасцей нашага раёна, можна агледзець не толькі помнік землякам, уладкаваны ў 1966 г., каб увекавечыць 62 аднавяскоўцаў, але і старадаўні парк Ацячызна, закладзены ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. клопатам вядомага ў гісторыі Беларусі і Расіі роду князёў Бельскіх. У парку захаваўся велічны 600-гадовы Дуб-волат, а побач – будынак спіртзавода, пабудаванага ў 1905 г.

Яшчэ праз колькі кіламетраў дарожная шыльда нагадае пра набліжэнне вёскі Чыжэўшчына. Гэтае месца шырока вядомае сваім гістарычным мінулым, асабліва знакамітай бітвай на Крупчыцкім полі. У памяць пра гэтую падзею навокал вёскі паўстаў цэлы комплекс помнікаў, у тым ліку Уладзімірская царква, помнік сувораўскім воінам і Крупчыцкая капліца, якую часта наведваюць не толькі госці з Беларусі, але і з розных куткоў Еўропы ды Амерыкі.

Апошняя вёска блізу аўтастрады, якая месціцца амаль на мяжы Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, – Хадасы вядома журботнай старонкай нашай гісторыі. У 2004 г. на месцы колішняга хадасоўскага гета былі знойдзе чалавечыя рэшткі прыблізна 200 ахвяраў фашысцкага генацыду. З гонарам яны былі перазахаваны, а на месцы гэтай бязлітаснай кары паўстаў мемарыяльны знак – камень і шасціканцовая зорка.

Яндекс.Метрика