Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ШЛЯХАМ ІЕРУСАЛІМСКАГА АГНЮ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ШЛЯХАМ ІЕРУСАЛІМСКАГА АГНЮ”

Жабінка – Булькова – Азяты – Чыжэўшчына – Здзітава – Вялікія Сяхновічы – Маціевічы – Вежкі – Арэпічы – Сцяпанкі – Хмелева.

1 верасня 2005 г. жыхары Жабінкаўшчыны сталі сведкамі надзвычайнай падзеі: упершыню на нашай зямлі з’явіўся агонь, запалены ад лампады, прывезенай з Іерусаліма – ад Гроба Гасподняга. Гэтая высакародная акцыя ладзілася напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку, што адбываўся ў той год у старажытным Камянцы.

Два праваслаўныя храмы – Жабінкаўская Свята-Пакроўская і Хмелеўская Спаса-Праабражэнская – зрабіліся ў той час цэнтрамі святочных набажэнстваў. Адсюль ва ўсе цэрквы раёна перадаваўся ўдзячны агонь, прывезены са святых мясцін. Па гэтаму шляху і падарожнік-пілігрым можа здзейсніць сваю вандроўку па культавых мясцінах Жабінкаўшчыны.

Распачынаецца дарога ад благачыннай Пакроўскай царквы ў Жабінцы, якую ў народзе дасюль клічуць Мышчыцкім храмам. Драўляная царква, пабудаваная ў 1885 г. у стылі неакласіцызму, цяпер з’яўляецца цэнтрам Жабінкаўскага благачынія. Увогуле, нягледзячы на тое, што Жабінка адносна невялікі горад, аднак сёння ён з’яўляецца цэнтрам усіх хрысціянскіх канфесій – акрамя праваслаўнай царквы у ім месціцца каталіцкі касцёл святога Юзафа і пратэстанцкі збор.

Ад раённага цэнтра далейшы шлях падарожніка па слядах іерусалімскага агню ляжыць да найстаражытнейшай не толькі ў Жабінкаўскім раёне, але і на ўсёй Берасцейшчыне драўлянай Мікіцкай царквы ў вёсцы Здзітава. Гэты цудоўны і ўтульны помнік палескага дойлідства сёлета адлічвае ўжо 505-я ўгодкі свайго існавання.

Іншыя цэрквы, што сустракаюцца на шляху, значна маладзейшыя па часе заснавання. Аднак ад гэтага яны ніколькі не губляюць сваёй адметнасці. У 1885 г., адначасова з праваслаўным жабінкаўскім храмам, пабудавана мураваная Успенская царква ў вёсцы Булькова. Яна, як і Мікалаеўская царква ў Азятах (1867 г.), адносіцца да помнікаў неарускага стылю. Пасля Азятаў падарожніку карысна наведаць каменную Чыжэўшчынскую Уладзімірскую царкву, якую ў народзе часам клічуць “Крупчыцкай” і “Сувораўскай”. Гэты храм, пабудаваны ў 1891-1894 гг. па праекце пецярбургскіх архітэктараў Бенуа і Жубера, паўстаў у памяць пра бітву на Крупчыцкіх палях. Нашыя гістарычныя мясціны шмат у чым распавядаюць пра славутыя старонкі айчыннай і сусветнай гісторыі.

Значна большы век мае Мікалаеўская царква ў Вялікіх Сяхновічах, узведзеная ў 1727 г. на месцы ранейшага храма. Гэты драўляны помнік дойлідства Беларускага Палесся мае вялікае гістарычнае значэння, бо з’явіўся на свет клопатам слыннага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. У Маціевічах месціцца яшчэ адзін касцюшкаўскі храм – Іаанаўская царква, пабудаваная ў 1718 г.

Адсюль пілігрым можа накіравацца на поўнач – у вёску Вежкі, дзе ў 1990-1997 гг. адбудавана прыгожая цагляная Узнясенская царква, асвечаная 7 лістапада 1997 г. мітрапалітам Філарэтам. Храм паўстаў, як казачная птушка Фенікс, на месцы драўлянага, вынішчанага бязлітасным агнём падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Далей шлях іерусалімскага агню абавязкова прывядзе прыхільніка гісторыі да Пакроўскай царквы, што з 1721 г. дзейнічае ў вёсцы Арэпічы. Адсюль паходзілі многія вядомыя людзі, што прынеслі вядомасць нашаму краю, многія з іх у свой час былі ахрышчаныя ў Арэпіцкім храме.

Яшчэ большай старажытнасцю і незвычайнай формай вылучаецца Міхайлаўская царква ў Сцяпанках. Мастацтвазнаўцы і архітэктары звычайна падкрэсліваюць, што гэты культавы будынак, узведзены ў 1619 г. з’яўляецца адным з найбольш характэрных узораўінтэрпрэтацыі каменнага базіліканскага храма ў драўляным дойлідстве.

Лагічным завяршэннем падарожжа становіцца наведванне Праабражэнскага храма (1725 г.) і мужчынскага праваслаўнага манастыра, якія месцяцца ў вёсцы Хмелева. Гэты храм і цудадзейны абраз Маці Божай Вострабрамскай, вядомыя далёка па-за межамі нашага краю, прылучаюць шматлікіх паломнікаў з розных куткоў Зямлі да свету веры і чысціні пакаяння.

Яндекс.Метрика