Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “КРУПЧЫЦКІ БОЙ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “КРУПЧЫЦКІ БОЙ”

Чыжэўшчына – Багданы – Целякі – Азяты – Старое Сяло – Стрыганец – Ракітніца –Булькова.

Сярод шматлікіх падзей, што адбываліся на нашай зямлі, адна мела сусветна-гістарычнае значэнне. Маштаб Крупчыцкай бітвы, якая 17 верасня 1794 г. разыгралася на самым усходнім ускрайку Жабінкаўшчыны, уражваў сучаснікаў і дасюль вызывае значную цікавасць у нашчадкаў.

Гэта быў не проста яркі эпізод нацыянальна-вызваленчага паўстання, узначаленага Тадэвушам Касцюшкам, але бой, у якім на доўгія вякі вырашаўся лёс цэлых народаў і краін. Гэта была самая вялікая на беларускіх землях бітва часоў Касцюшкаўскага паўстання, у якой з абодвух бакоў бралі удзел 16 тысяч ваяроў. Паўстанцкія войскі ўзначальваў генерал Караль Серакоўскі, расійскія – Аляксандр Сувораў.

Турыстычны шлях распачынаецца ад месца бою, які цягнуўся ад світання да 16 гадзін дня 17 верасня 1794 г. Колішняй вёскі Крупчыцы цяпер не існуе. У 1970-я гг. яна увайшла ў склад Чыжэўшчыны.

На месцы бою паўстала некалькі адметных помнікаў, якія згадваюць пра падзею. У 1894 г. – да стагоддзя бітвы – асвечаны Свята-Уладзімірскі храм-помнік, створаны намаганнямі святара Міканора Катовіча, чыя магіла знаходзіцца каля царквы.

У цэнтры Чыжэўшчыны, на месцы былых каталіцкіх могілак, увосень 2004 г. паўстала Крупчыцкая мемарыяльная капліца – помнік удзельнікам і ахвярам бітвы. На плітах, што размешчаны ў капліцы, выбітыя назвы ўсіх палкоў, якія змагаліся на Крупчыцкім Вялікім полі. Помнік увенчвае крыж, падобны на той, што ў ХІ стагоддзі быў выраблены для заступніцы беларускай зямлі Ефрасінні Полацкай. Пад столямі будынка ўсталяваны карціны з момантамі напружанага супрацьстаяння.

На ўскрайку Чыжэўшчыны, побач з былой так званай “французскай” грэбляй з 1952 г. знаходзіцца абеліск, які распавядае пра ўдзел у бітве А. Суворава і К. Серакоўскага.

Навокал дасюль захоўваюцца прыкметы ранейшых часоў, а ў народных паданнях яшчэ жыве памяць пра “Крупчыцкую вайну”.

Падарожнік можа рухацца напрамкам, якім серакоўцы адступалі пасля працягляга бою. Для гэтага патрэбна накіравацца праз Багданы, дзе паўстанцы мелі нядоўгі адпачынак, і Целякі ў накірунку Азят.

Гэтая вёска ў першую чаргу вядома як радзіма гісторыка, этнографа, збіральніка народных песень і абрадаў Юліяна Фаміча Крачкоўскага (1840-1903). На будынку Азяцкага Дома культуры ў гонар знакамітага земляка ў 1995 г. усталявана мемарыяльная дошка.

У блізкім Старым Сяле паўстанцы спыніліся літаральна на некалькі хвілін. А сучасны падарожнік можа прыпыніцца больш, паколькі вёска моцна паяднана з ваеннай гісторыяй Беларусі як месца, дзе ўжо ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў створаны партызанскі атрад імя М.М. Чарнаак. У мясцовай школе можна агледзіць невялікі, але змястоўны музей баявой славы, прысвечана партызанскаму руху на Жабінкаўшчыне.

Надвячоркам 17 верасня 1794 г. частка серакоўцаў праз Стрыганец і Ракітніцу накіравалася ў Булькова, дзе паўстанцы падпалілі мост, каб не дазволіць Сувораву хутка арганізаваць пераслед. У гэтым месцы на аўтастрадзе Брэст – Мінск цяпер знаходзіцца сучасны мост. Тут падарожны, які абраў для сябе маршрут знітаваны з падзеямі 1794 г., пакідае межы Жабінкаўскага раёна і пры жаданні можа рухацца ў накірунку Брэста, побач з якім праз два дні пасля Крупчыцаў разыгралася Тэрэспальская бітва, у якой корпус Серакоўскага быў вынішчаны канчаткова.

Яндекс.Метрика