Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “КАСЦЮШКАЎСКІ ШЛЯХ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “КАСЦЮШКАЎСКІ ШЛЯХ”

Жабінка – Малыя Сяхновічы – Вялікія Сяхновічы – Крыўляны – Вежкі – Маціевічы – Здзітава – Жабінка – Чыжэўшчына.

Далёка не кожнаму зямному куточку выпадае ўзгадаваць Свету асобу, роўную талентамі Тадэвушу Касцюшку. Гэты праслаўлены чалавек, якога ўжо пры жыцці клікалі “Героем Двух Кантынентаў” і “Найчысцейшым Сынам Свабоды”, народы Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі ўшаноўваюць за народнага героя. Імя Т. Касцюшкі гартавала людзей пад сцягамі вольнасці. Падтрымкі і сяброўства генерала шукалі найвядомейшыя прадстаўнікі памежжа ХУІІІ і ХІХ стагоддзяў. Цікавасць да яго не слабее і цяпер.

Жабінкаўская зямля ганарыцца лучнасцю з такім вялікім чалавекам. А на нашай зямлі многія мясціны моцна знітаваныя з ягоным жыццём і дзейнасцю, што і дазваляе ўсялякага падарожніку прайсці “Касцюшкаўскім шляхам”.

Турысты спачатку перамяшчаюцца прыкладна на 6 км паўночней Жабінкі – у вёску Малыя Сяхновічы. Калісь тут стаяла родавая сядзіба вядомай на Берасцейшчыне шляхецкай радзіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх герба “Рох-ІІІ”. Частка гісторыкаў і краязнаўцаў лічаць Сяхновічы радзімаю Т. Касцюшкі. У гэтым маёнтку ён пражыў каля дзесяці гадоў свайго бурлівага жыцця.

Цяпер ад былога маёнтка, у якім жылі дваннаццаць пакаленняў сям’і, засталіся толькі рэшткі старадаўняга Касцюшкаўскага парку, часткова пасаджанага самім генералам. У вёсцы таксама існуюць мемарыяльны пакой Т. Касцюшкі і помнік-бюст герою, створаны 70 гадоў назад А. Відацкаю.

Паўночней Малых Сяхновічаў мясцовыя жыхары могуць паказаць вам урочышча Жулкаўшчызна, колішняе спадчыннае гняздо старэйшай сястры Т. Касцюшкі Кацярыны Жулкоўскай. Яно месціцца побач з вясковымі могілкамі, дзе ёсць капліца-пахавальня апошніх уласнікаў маёнтка Вялікія Сяхновічы.

Гэтае паселішча з ХVІ стагоддзя было цэнтрам зямельнай спадчыны старэйшай галіны роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Адзін з іх – Павел Касцюшка на свае ўласныя ахвяраванні ў 1727 г. заснаваў Свята-Мікалаеўскую царкву – выдатны помнік драўлянага дойлідства беларускага Палесся. Праваслаўная царква дзейнічае па сённяшні дзень. У ёй некалі быў ахрышчаны Ігнацій Жалязоўскі, які ў 1848 – 1870 гг. займаў пасаду брэсцкага епіскапа.

Ад Вялікіх Сяхновічаў дарога рушыць на поўнач – туды, дзе калісь былі валоданні заможных і ўплывовых князёў Чартарыйскіх. У часы Касцюшка-Сяхновіцкіх тут, ля вёскі Крыўляны, стаяў замак (на жаль не захаваўся да нашых часоў). Многія гісторыкі лічаць, што сваім паступленнем у Варшаўскі кадэцкі корпус малады Тадэвуш Касцюшка шмат у чым абавязаны Адаму Чартарыйскаму.

У вёсцы Вежкі – адной са старажытнейшых на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна – месціцца каменная Узнясенская царква, пабудаваная на месцы знішчанага старадаўняга храма, узнікшага ў часы Касцюшкаў і Чартарыйскіх.

Далейшы шлях праз Малыя і Вялікія Якаўчыцы скіроўваецца ў напрамку Маціевічаў. Гэтую вёску ўпрыгожвае Іаанапрадцечанская царква, ўзведзеная ў першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя намаганнямі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

Цяпер, на шляху ў Жабінку, агледзеўшы сакральныя святыні краю, пабудаваныя продкамі генерала Т. Касцюшкі, вы маеце магчымасць яшчэ наведаць Здзітава, дзе на самым беразе Мухаўца ўжо звыш паўтысячагоддзя стаіць Свята-Мікіцкая царква. Сюды хадзіла да службы не адно пакаленне славутага роду, тут адпявалі памерлага ў Здзітаве палкоўніка палявой булавы Людвіка Касцюшку-Сяхновіцкага (1700-1758), бацьку будучага кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г.

Цяпер самы час знайсці на нашай зямлі яскравыя пацверджанні таго вялікага і трагічнага часу. Гэта вымушае падарожнікаў ад Жабінкі рушыць на поўдзень раёна па шашы Брэст – Мінск – у пошуках вёскі Чыжэўшчына, якая захоўвае глыбокую памяць пра Касцюшкаўскае паўстанне.

Гэтыя мясціны ў 1794 г. сталі сведкамі Крупчыцкага бою. На працягу некалькі гадзін паўстанцы-серакоўцы супрацьстаялі на Вялікім Крупчыцкім полі расійскім палкам знакамітага генерала А.В. Суворава.

Дзеля ўшанавання гэтай падзеі ў Чыжэўшчыне ў 1891-1894 гг. была заснавана Свята-Уладзімірская царква, у савецкія часы (1952 г.) для “праслаўлення расійскай зброі” таксама быў пастаўлены невялікі абеліск – помнік сувораўскім ваярам, а 23 верасня 2004 г. у цэнтры вёскі ў гонар 210-ай гадавіны гістарычнай падзеі была аткрыта і асвечана Крупчыцкая мемарыяльная капліца. Ускладаннем кветак да яе можна завершыць падарожжа па мясцінах, звязанных з імем Т. Касцюшкі на Жабінкаўшчыне.

Аднак для тых, каго больш цікавяць падрабязнасці, прысвечаныя Крупчыцкай бітве – вырашальнаму моманту нашай гісторыі, прапануецца новы маршрут, які лепей пераадоліць на веласіпедах ці пешшу.

Яндекс.Метрика