Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ЖАБІНКАЎСКІ ГАСЦІНЕЦ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ЖАБІНКАЎСКІ ГАСЦІНЕЦ”

Жабінка – Здзітава – Ленінскі – Ацячызна – Хадасы – Чыжэўшчына – Малыя Сяхновічы – Вялікія Сяхновічы – Хмелева.

Слова “гасцінец” у мове беларусаў мае два значэнні і шмат адценняў. Для адных гасцінец уяўляецца шырокай ветлівай дарогай, якая лёгка кладзецца пад ногі, іншым гасцінец ёсць добразычлівым падарункам. Для шматлікіх наведвальнікаў Жабінкаўшчыны падыходзіць і першае, і другое: наш край заўсёды быў ветлівы гасцям, якія пакідалі свой добры след на “Жабінкаўскім гасцінцы”.

Агляд гэтага маршрута пачынаецца з невячкай экскурсіі па Жабінцы. Падарожжа можа ісці ад чыгуначнага вакзала, які нагадвае пра гісторыю і сучасны стан раённага цэнтра, змешчанага на перакрыжаванні шляхоў на Брэст, Мінск і Пінск. Менавіта чыгунка паспрыяла таму, што ў 1871 г. пачалося хуткае развіццё паселішча Жабінка. Яна і цяпер з’яўляецца неад’емнаю часткаю жыцця горада і раёна.

Не абмінем увагаю 9 помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, і помнік воінам-інтэрнацыяналістам – курган са звонам, насыпаны ў 2001 г., як напамін жабінкаўцам пра загінуўшых у Афганістане землякоў. Цікаваю можа таксама падацца сучасная забудова цэнтральных гарадскіх вуліц – Кірава, Свабоды, Леніна, якія ўтвараюць своеасобнае сэрца горада.

Затым магчыма часова пакінуць райцэнтр, каб патрапіць у вёску Здзітава, дзе знаходзіцца 500-гадовая Свята-Мікіцкая царква, побач з якой растуць векавыя прыгожыя помнікі прыроды – здзітавецкія дубы.

Пасля зноў патрэбна вярнуцца ў горад, каб, звернуўшы увагу на помнік ХІХ стагоддзя – Свята-Пакроўскую царкву, наведаць станцыю дзіцячага і юначага турызма і краязнаўства.

Цікаваю таксама падаецца экскурсія на адзін з буйнейшых у Беларусі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, на якім вырабляецца кожны пяты кілаграм цукру ў краіне. Завод, заснаваны ў 1963 г., мае доўгія і трывалыя традыцыі. Ягоная прадукцыя з’яўляецца экалагічна чыстаю, вытворчасць цукру адбываецца без хімічных дабавак.

Пакінуўшы Жабінку, рухаемся дарогаю Камянец – Федзькавічы, а потым – шашою Брэст – Мінск. Мэтаю падарожжа з’яўляюцца мясціны, знітаваныя з вядомымі падзеямі нашага краю. Наступным невялічкім прыпынкам стане пасёлак Ленінскі – самае маладое паселішча ў раёне. На ягонай базе ў 2005 г. быў створаны першы на Жабінкаўшчыне аграгарадок. Аднак новае тут вельмі шчыльна злучаецца з мінулым.

У межах пасёлка знаходзіцца гістарычны парк Ацячызна, закладзены яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя князямі Бельскімі. На тэрыторы парку да нашых часоў расце 600-гадовы дуб-волат.

У самым пасёлку Ленінскі можна ўбачыць помнік землякам. Што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, а ў мясцовай сярэдняй школе – бюст В.У. Мігелю, які не вярнуўся з далёкай Афганскай вайны.

Далей падарожнік рухаецца ў кірунку Хадасоў. Ля гэтай вёскі існуе помнік архелогіі – курган, які сведчыць пра вельмі старажытнае засяленне гэтай тэрыторыі, а таксама – магіла ахвяр фашызму на месцы шматлюднага растрэлу яўрэйскага насельніцтва ў верасні 1942 г.

Наступны прыпынак на шляху аткрывае агляд месцаў, звязаных з імем славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Вёска Чыжэўшчына – месца, вакол якога 17 верасня 1794 г. адбылася знакамітая Крупчыцкая бітва паміж паўстанцкімі палкамі генерала К. Серакоўскага і расійскага генерала А.В. Суворава. Ва ўшанаванне гэтай падзеі ў вёсцы створаны сапраўды гісторыка-культурны комплекс, які ўключае ў сябе Свята-Уладзімірскую царкву, пабудаваную ў 1894 г., помнік сувораўскім ваярам і мемарыяльную капліцу, ганарова аткрытую і асвечаную восенню 2004 г.

Працягам падарожжа па касцюшкаўскім мясцінам можа стаць наведванне Малых Сяхновічаў, куды ўжо некалькі стагоддзяў наведваюцца людзі, каб выказаць сваю павагу славутаму сыну беларускай зямлі Т. Касцюшку. У вёсцы існуе невялічкі мемарыяльны музейны пакой, прысвечаны жыццю і дзейнасці генерала, а таксама захаваліся рэшткі Касцюшкаўскага парку. У цэнтры вёскі месціцца адзіны ў Беларусі помнік-бюст Т. Касцюшкі (работа мясцовай скульптаркі А. Відацкай, створаная ў 1930-ыя гг.).

Яшчэ можна наведаць блізкія Вялікія Сяхновічы. На мясцовых могілках адноўлена капліца былых уласнікаў маёнтка. А ля Свята-Мікалаеўскай царквы, пабудаванай Касцюшкамі-Сяхновіцкімі, знаходзіцца пахаванне мясцовага святара Лявонція, бацькі епіскапа брэсцкага Ігнація Жалязоўскага (1800-1872), ураджэнца гэтай вёскі.

Апошнім прыпынкам “Жабінкаўскага гасцінца” павінна стаць наведванне Спаса-Прэабражэнскай царквы і мужчынскага праваслаўнага манастыра – месцаў шматлікіх паломніцтваў вернікаў з розных куткоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Яндекс.Метрика