Начало ——Полезные статьи  ——Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ПАМЯЦЬ ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ”

Турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна - “ПАМЯЦЬ ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ”

Жабінка – Хмелева – Дзяменічы – Падлессе – Палявая Рэчыца – Глыбокае – Вярхі – Арэпічы – Сцяпанкі – Драмлёва – Агароднікі – Вялікія Якаўчыцы –Жабінка – Шчэглікі – Федзькавічы – Пятровічы – Ракітніца – Старое Сяло – Азяты – Бусні – Ленінскі – Хадасы.

Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у памяці нашага краю. Большасць помнікаў, што месцяцца на Жабінкаўшчыне, – ёсць згадка пра гады ліхалецця і славы. Таму шлях па гэтаму маршруту будзе павучальным і карысным як для жыхароў, так і для гасцей раёна.

Ён пачынаецца з горада Жабінка. Тут можна наведаць гарадскія могілкі па вуліцы Міра, дзе месцяцца магіла ахвяр фашызму (з астанкамі 360 мірных жыхароў, растраляных карнікамі ў верасні 1942 г.), пахаванні невядомага савецкага лётчыка, збітага ў чэрвені 1941 г., першага начальніка Жабінкаўскага райаддзела міліцыі А.Д. Дзмітрука (1907-1942), польскіх партызан, якія загінулі ў баі 27 кастрычніка 1943 г.

У цэнтры горада, на вуліцы Кірава, таксама знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у 1941 – 1944 гг. Далей на шляху турыстаў па вуліцы Фядзяя сустрэнецца помнік актывіста, змешчаны на месцы расстрэлу ў 1942 г. камсамольцаў вёсак Карды і Вялікія Якаўчыцы.

У вёсцы Хмелева пастаўлены помнік землякам, якія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай вайны. А далей, праз Дзяменічы, у якіх знаходзіцца помнік вядомага савецкага ваеннага дзеяча, героя грамадзянскай вайны, ураджэнца вёскі М.Я. Германовіча (1895-1937), дарога баявой славы рушыць у напрамку Падлесся. У вясковым скверы для ўвекавечання памяці аднавяскоўцаў, месціцца помнік землякам, што склалі свае галовы ў час ліхалецця.

Затым патрэбна выехаць на шашу Высокае – Пружаны, аглядзець брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан, змешчаную ля самай паўднёвай вёскі Жабінкаўскага раёна Палявая Рачыца.

Далейшая дарога вядзе на Глыбокае, Вярхі і Арэпічы. У гэтых вёсках стаяць помнікі землякам, усталяваныя ў памяць пра глыбокаўцаў, вярхоўцаў і арэпічан, загінулых на вайне.

Немагчыма таксама абмінуць месца жалобы і памяці для кожнага жыхара раёна – вынішчанае, ператворанае карнікамі ў попел Драмлёва. Нашая “вогненая вёска” 11 верасня 1942 г. падзяліла лёс Хатыні і 196 іншых беларускіх вёсак. На гэтым месцы смутку, блізу Сцяпанак, знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Драмлёва”.
Аддаўшы даніну павагі нявінным ахвярам, знішчаным у жудасным агні, можна збочыць у накірунку Агароднікаў, дзе беражліва захоўваецца брацкая магіла савецкіх воінаў, паклаўшых сваё жыццё дзеля змагання з фашызмам, і праз Вялікія Якаўчыцы, у якіх ёсць помнік землякам, вярнуцца зноў у Жабінку.
Далейшая дарога будзе пралягаць па паўднёвай частцы Жабінкаўшчыны. На могілках у вёсцы Шчэглікі можна наведаць магілу падпольшчыка і партызана І.Д. Філіпука (1908-1944).

Пасля гэтага падарожны ў раёне вёскі Федзькавічы патрапляе на шашу Брэст – Мінск. Тут месціцца помнік савецкаму воіну-вызваліцелю – у гонар аб ліпеньскіх падзеях 1944 г., калі на нашую зямлю прыйшло доўгачаканае вызваленне.
А магіла ахвяр фашызму каля Пятровічаў зноў нагадвае пра жудасную старонку Вялікай Айчыннай, калі ў верасні 1942 г. карнікамі былі знішчаныя звыш 70 яўрэяў.
У Ракітніцы адразу дзве адзнакі ваеннага часу: на паўночнай ускраіне вёскі для ўвекавечання памяці 216 воінаў-землякоў і мірных жыхароў насыпаны Курган Памяці, а на мясцовых могілках – магіла ахвяр фашызму, дзе пахаваныя сем’і чырвонаармейцаў, закатаваных у кастрычніку 1942 г.

Старое Сяло вядома далёка па-за межамі Жабінкаўшчыны як партызанскі край. Менавіта ў Старасельскім лесе ўжо на трэці дзень вайны быў утвораны адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў. Адным са стваральнікаў яго стаў ураджэнец вёскі М.М. Чарнак (1911-1943). У мясцовай школе працуе музей, прысвечаны партызанскаму атраду, у цэнтральным скверы месціцца магіла героя, а ў лясным урочышчы Заброддзе на партызанскіх могілках (“Шалаш”) ля дуба Чарнака знайшлі свой апошні ўпакой 67 партызан.

Працяг маршруту вядзе ў Азяты і Бусні, дзе зберагаюцца магілы ахвяр фашызму, расстраляных у 1942 і 1944 гг. Абодва пахаванні знаходзяцца на вясковых могілках.

Праз пасёлак Ленінскі, у якім блізу дарогі Брэст – Мінск ёсць помнік землякам, мы рухаемся шашою да апошняй кропкі падарожжа. Блізу вёскі Хадасы восенню 1942 г. было знішчана яўрэйскае гета, у якім закатаваны каля 200 чалавек. На месцы вялікай магілы ахвяр фашызму, змешчанай на 44 км шашы, 4 кастрычніка 2004 г. былі пастаўлены памятныя знакі.

Яндекс.Метрика